Затрыманага за перфоманс брэстаўчаніна адвезлі ў вар'ятню
У псіхіятрычным стацыянары Алесь Чаркашын можа правесці да трох дзён.
Як паведамляла Еўрарадыё, 15 снежня грамадскі актывіст зрабіў зварот на прыступках Брэсцкага аблвыканкаму. Там ён пакаяўся за грахі беларускіх уладаў перад сваім народам. Малады чалавек быў апрануты ў строй біблейскага прарока з чырвонай фарбай на звязаных руках, якая сімвалізавала кроў беларусаў.
Праз 10 хвілін пасля акцыі Алеся Чаркашына затрымала міліцыя, і яго адвезлі ў Ленінскі РУУС.
Як паведаміў Еўрарадыё брэсцкі актывіст БХД Зміцер Шурхай, з міліцэйскага пастарунку Чаркашына забралі санітары. Зараз ён знаходзіцца ў псіхіятрычным стацыянары. Са словаў дзяжурнага Ленінскага РУУС, там актывіст можа прабыць да трох дзён.
Шурхай: "Я лічу, што гэта было зроблена, па-першае, з мэтай псіхалагічнага ціска, а па-другое — каб дыскрэдытаваць яго. Я яго добра ведаю, і магу заявіць, што ён нармальны і адэкватны чалавек. І не было ніякіх падставаў яго затрымліваць".
Зміцер Шурхай таксама дадаў, што Чаркашын сапраўды з'яўляецца сябрам БХД, але гэты перфоманс ён рабіў выключна са сваёй ініцыятывы.