Затрыманых праваабаронцаў і актывістаў прызналі палівязнямі
Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі актывістаў, затрыманых 14 ліпеня.
Як распавядала Еўрарадыё, у гэты дзень ператрусы прайшлі ў офісах дзясяткаў грамадскіх арганізацый па ўсёй краіне. Дзясяткі чалавек былі затрыманыя і дапытаныя, многіх з іх адпусцілі. Аднак частку пакінулі за кратамі
"Пасля ператрусаў па ўсёй Беларусі былі затрыманыя праваабаронцы і актывісты:
Уладзімір Лабковіч, юрыст "Вясны"
Ніна Лабковіч, дырэктарка аб'яднання інвестараў Angels Band
Валянцін Стэфановіч, сябра Рады "Вясны"
Алесь Бяляцкі, кіраўнік "Вясны"
Сяргей Сыс, праваабаронца "Вясны" і журналіст
Алена Лапцёнак, праваабаронца "Вясны"
Андрэй Палуда, праваабаронца "Вясны"
Яўгенія Бабаева, праваабаронца
Віктар Сазонаў, праваабаронца "Вясны"
Марына Статкевіч, былая сябра "Вясны"
Мікола Шарах, кіраўнік ячэйкі свабоднага прафсаюза з Полацка
Сяргей Мацкевіч, цэнтр "Супольнасць"
Відавочна, што матывам іх пераследу ёсць праваабарончая і грамадская дзейнасць: прасоўванне міжнародных стандартаў правоў чалавека і дэмакратычных каштоўнасцяў, дзеянні ў абарону права на жыццё, свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцыі, права на справядлівы суд і свабоду ад катаванняў", — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.
Яны адзначаюць, што пераслед грамадзянскай супольнасці ў Беларусі са жніўня 2020 года набыў беспрэцэдэнтны маштаб.
"На дзень падпісання заявы ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі больш за 500 чалавек, прынамсі 1500 чалавек знаходзяцца ў турмах і тысячы людзей — пад следствам па палітычна матываваных абвінавачваннях. Цягам году, ад жніўня 2020 года, амаль 40 000 чалавек былі незаконна затрыманыя і пацярпелі ад катаванняў. Галоўныя незалежныя СМІ заблакаваныя", — апісваюць праваабаронцы сітуацыю ў краіне.
На іх думку, рэпрэсіі такога маштабу скіраваныя на знішчэнне ўсялякіх праяваў грамадскай актыўнасці ў Беларусі. Яны згадваюць словы кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея пра перспектыву знішчэння грамадзянскай супольнасці у выпадку ўзмацнення заходніх санкцый.
Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна" (зачынены ўладамі), РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РГА "Прававая ініцыятыва”, кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман Канстанта", ініцыятыўнай група "Ідэнтычнасць і права", Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.