Затрыманых на вызваленай тэрыторыі Украіны расійскіх настаўнікаў будуць судзіць

Затрыманых на вызваленай тэрыторыі Украіны расійскіх настаўнікаў будуць судзіць

Затрыманых на вызваленай тэрыторыі Украіны расійскіх настаўнікаў будуць судзіць. Пра гэта @stranaua заявіла віцэ-прэм'ер Ірына Верашчук. Паводле яе слоў, расіяне будуць абвінавачвацца па артыкуле "парушэнне законаў і звычаяў вайны" (арт. 438 ККУ).

Расійскіх настаўнікаў, якія ва ўкраінскіх школах навучалі па расійскай праграме, затрымалі падчас контрнаступу ўкраінскіх войскаў у Харкаўскай вобласці. Падчас панічных уцёкаў расійскіх вайскоўцаў пра эвакуацыю ў РФ расіян проста забыліся.

"Яны здзейснілі злачынства супраць нашай дзяржавы, — кажа Верашчук. — Мы шмат разоў папярэджвалі расійскіх грамадзян, якія пагадзіліся прыехаць на тэрыторыю Украіны і ажыццяўляць тут забароненую законам дзейнасць. Вядома, меру пакарання ім вызначыць суд, аднак на тэрыторыі нашай дзяржавы яшчэ знаходзіцца пэўная колькасць расійскіх грамадзян, якія прыехалі на часова акупаваныя тэрыторыі і дакладна панясуць пакаранне, калі не пакінуць нашу тэрыторыю неадкладна".

Пры гэтым затрыманыя настаўнікі не будуць разглядацца ў якасці палонных для абмену з Расіяй. "Таму што яны не камбатанты, Жэнеўскія канвенцыі не прадугледжваюць абменаў неваеннапалонных", — заявіла віцэ-прэм'ер.

Колькасць затрыманых настаўнікаў-расіян не паведамляецца. Што да ўкраінцаў-настаўнікаў, якія выкладалі ў школах пад расійскай акупацыяй па праграме РФ, то іх пакараюць як "калабарантаў".

"Там сур'ёзныя тэрміны пакарання, і я яшчэ раз заклікаю ўсіх педагогаў на часова акупаваных тэрыторыях: ні ў якім разе не ісці на супрацоўніцтва з ворагам і акупантам, як мага хутчэй эвакуявацца і тым самым захаваць сваё жыццё і здароўе", — дадала Ірына Верашчук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі