Затрыманыя прадаўцы, у якіх куплялі спайс загінулыя рабочыя (відэа)
Трагедыя здарылася 10 кастрычніка, калі ў пакоі аднаго з інтэрнатаў знайшлі целы дваіх маладых людзей (1995 і 1992 гадоў нараджэння).
Было высветлена, што напярэдадні яны купілі праз інтэрнэт-краму спайс, які ўжывалі ў інтэрнаце. Праваахоўнікі выйшлі на след прадаўцоў. Адзін з іх стала жыў у Светлагорску, адкуль і арганізоўваўся інтэрнэт-гандаль міксамі ў сталіцы, яго калега знаходзіўся ў Мінску і непасрэдна займаўся рэалізацыяй шляхам закладкі спайсаў у схованкі.
Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, аперацыі па затрыманні зламыснікаў прайшлі адначасова ў Мінску і Светлагорску. Затрыманне праводзілі байцы спецпадраздзялення МУС "Алмаз". У Светлагорску знайшлі гатовыя міксы, а таксама прылады для іх вырабу і расфасоўкі. Пры асабістым вобшуку ў затрыманага ў Мінску было выяўлена пяць пяціграмовых пакуначкаў курыльных сумесяў, прызначаных для чарговых спажыўцоў, а таксама сродкі сувязі са Светлагорскам і канкрэтнае апісанне месцаў закладкі "спайсаў" у сталіцы.
Распачатая крымінальная справа па артыкулах "Прычыненне смерці па неасцярожнасці дзвюм асобам" і "Незаконны абарот асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў". Адзін з маладых людзей падчас першапачатковага апытання прызнаў сваё дачыненне да рэалізацыі спайсаў. А на пытанне пра адказнасць за гібель двух маладых людзей адказаў, што сам курыльныя сумесі не ўжывае і нікога не прымушае гэта рабіць.
Следчыя ў пакоі ў інтэрнаце, дзе загінулі двое рабочых.
Фота, відэа — guvd.gov.by, sk.gov.by