Затрымліваюць “для высвятлення”, а асуджаюць “за непадпарадкаванне” (відэадоказ)

Затрымліваюць “для высвятлення”, а асуджаюць “за непадпарадкаванне” (відэадоказ)

26 сакавіка, пасля акцыі на Кастрычніцкай плошчы, Еўрарадыё заўважае людзей у цывільным, яны “вядуць” групу хлопцаў у накірунку Нямігі. Мы запускаем стрым і сочым за развіццём падзей у жывым эфіры. На плошчы Свабоды маладыя людзі самі заўважаюць пераслед і спрабуюць схавацца ў вулачках верхняга горада. Але няўдала. Каля мосту праз Свіслач, дзе вуліца Няміга пераходзіць у вуліцу Багдановіча, іх затрымліваюць прадстаўнікі міліцыі ў форме. На наступны дзень хлопцаў судзяць, адзін з іх, Раман, публікуе пратаколы на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

“Два ліпавыя абвінавачванні: артыкул 17.1 (хуліганства, маўляў, размахваў рукамі, лаяўся і гэтак далей у 12.30 па плошчы Кастрычніцкая, 1), — піша Раман. — І артыкул 23.4 (супраціўленне пры арышце ці неяк так, маўляў, адбіваўся рукамі, сядаў на зямлю, хапаўся за абмундзіраванне супрацоўнікаў , таксама ў 12.30, па тым жа адрасе), з панятых — толькі супрацоўнікі АМАП і міліцыі”.

Еўрарадыё пераглядзела відэа і знайшло як мінімум тры несупадзенні з тым, што адбывалася насамрэч і тым, што прапісана ў пратаколе.

Час рэальны і пратакольны:

Паводле фота пратаколаў, усе супрацьпраўныя дзеянні Раман з сябрамі ўчынілі ў 12:30. Будзем лічыць гэты час прыкладным. Хто там дакладна да хвіліны сочыць, праўда? Але недарэчнасць у тым, што жывая трансляцыя Еўрарадыё пачынаецца ў 13:45. І ў гэты момант хлопцы ідуць па Плошчы Свабоды. То бок яны яшчэ не арыштаваныя. Праз 12 хвілін на відэа бачна, што да маладых людзей падыходзіць міліцыянт, абдымае дваіх хлопцаў за плечы і кажа: “Пройдзем!”. Адбываецца гэта ў 13:57. Калі лічыць, што затрыманне пачынаецца менавіта з гэтага моманту, то несупадзенне з пратаколам — 1 гадзіна 27 хвілін. Дык, як жа так можна было памыліцца?

Месца затрымання ў пратаколе і на відэа:

У пратаколе напісана, што хлопцаў затрымалі па адрасе плошча Кастрычніцкая, 1. Гэта будынак Палаца Рэспублікі. Усё лагічна, бо першыя затрыманні адбыліся менавіта там і прыкладна ў 12:30, як прапісана ў пратаколе. Далей АМАП адсунуў пратэстуючых да крамы “Цэнтральны”, дзе таксама адбылося некалькі затрыманняў. А гэта ўжо іншы адрас — праспект Незалежнасці, 23. Але, як мы ўжо згадвалі, калі акцыя скончылася, хлопцы пачалі рухацца ў бок Нямігі. На плошчы Свабоды Еўрарадыё пачало стрым, і да затрымання ён не перарываўся. Спрабуючы адарвацца ад людзей у цывільным, Раман і яго сябры спусціліся па вуліцы Зыбіцкай да моста праз Свіслач. Там, побач з прыпынкам грамадскага транспарту, што рухаецца ў бок вуліцы Багдановіча, іх і затрымліваюць. То бок адрас затрымання такі: вуліца Зыбікая, 27. Паміж рэальным месцам затрымання і прапісаным у пратаколе — каля 650 метраў. Дык, як жа так можна было памыліцца?

Пратакол за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы:

Адно з абвінавачванняў, высунутых Раману і яго сябрам, — Артыкул 23.4. КаАП “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні імі службовых паўнамоцтваў”. Паводле тлумачэнняў сведак (супрацоўнікаў МУС), Раман з сябрамі “адбіваўся рукамі ад праваахоўнікаў, сядаў на зямлю, хапаўся за абмундзіраванне”. Звяртаемся да еўрарадыйнага відэа. Лаянкі, крыкаў, адпіранняў, цяганняў за абмундзіраванне – нічога гэтага няма. Хлопцы пытаюцца: “Скажыце, я затрыманы?” і “На якіх падставах?”.

Адказ на пытанне дае супрацоўнік у цывільным: “Для высвятлення асобаў”. Дык, як жа “высвятленне асобаў” перарасло ў два артыкулы КаАП?

Як жа так можна было памыліцца?

Пасля затрымання хлопцаў адводзяць да аўтазака і перасаджаюць да іншых затрыманых падчас акцыі. Пару гадзін усіх трымаюць “на расцяжцы”. Пасля чаго здымаюць адбіткі пальцаў, і да раніцы ― на Акрэсціна. Адсюль вынікае, што пратаколы складалі на ўсіх аднолькавыя, асабліва не разбіраючыся хто, што і дзе рабіў. Сведкамі на судах выступалі адны і тыя ж міліцыянты з аднолькавымі паказаннямі. Я піша Раман, “пратаколы ва ўсіх затрыманых аднолькавыя слова ў слова”.

Раману даюць штраф у 40 базавых (920 рублёў), але ён збіраецца абскарджваць пастанову з дапамогай відэа Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі