Заяўка Беларусі прыняць Еўра-2020 змясцілася на адной старонцы
Федэрацыя футбола адправіла ва УЕФА толькі “афіцыйную форму” пра жаданне правесці матчы турніру. Не спатрэбіўся нават праект стадыёна.
Беларуская федэрацыя футбола паведамляе нечаканую навіну: пададзена заяўка на правядзенне фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы-2020. Матчы павінен прыняць Нацыянальны футбольны стадыён на 33 тысячы месцаў.
Інфармацыя пра заяўку гучыць сенсацыйна. Днямі Еўрарадыё распавядала пра тое, што хутчэй за ўсё таго Нацыянальнага футбольнага стадыёна няма нават на паперы. Вядома толькі, што арэну збіраюцца збудаваць на месцы сталічнага “Трактара”. Як тады магчыма змагацца за Еўра-2020? Ці, можа, праект стадыёна ўжо існуе?
З гэтым пытаннем звяртаемся да намесніка старшыні федэрацыі Сяргея Сафар’яна. Чыноўнік спасылаецца на тое, што “чытаць навіны трэба больш уважліва”.
Перачытваем навіну пра Еўра-2020 на сайце АБФФ, не знаходзім новых звестак і звяртаемся ў Доме футбола да іншай крыніцы.
Аказваецца, федэрацыяй пададзена заяўка… пра намер паўдзельнічаць у конкурсе:
“Гэта яшчэ не тая заяўка, у якой трэба падаваць тэхнічныя характарыстыкі стадыёна. Трэба было толькі паведаміць, зацікаўлена федэрацыя ва ўдзеле ў Еўра-2020 ці не зацікаўлена. Таму і праект стадыёна пакуль не патрэбны”, ― паведамляе крыніца Еўрарадыё.
Справа ў тым, што УЕФА плануе правесці Еўра-2020 адразу на 13-ці стадыёнах. З гэтай нагоды галоўная футбольная арганізацыя Старога свету разаслала ва ўсе нацыянальныя футбольныя арганізацыі лісты, з лагатыпам УЕФА і за подпісам генеральнага сакратара Джані Інфанціна:
“Дарагія спадары і спадарыні, ад імя выканаўчага камітэта УЕФА мы з гонарам запрашаем усе асацыяцыі прыняць матчы чэмпіянату Еўропы ў чэрвені-ліпені 2020-га года. Калі ваша Асацыяцыя зацікаўлена прыняць спаборніцтвы і мае намер падаць для іх пляцоўку, мы ласкава запрашаем вас запоўніць афіцыйную форму і даслаць да 12 верасня 2013 года”.
Заяўку пра намер прыняць матчы Еўра-2020 можна запоўніць хвіліны за дзве (Еўрарадыё патрымала гэту форму ў руках). Выглядае яна звычайным лістом фармату А4, на якім надрукавана эмблема УЕФА і загаловак Official Applecation Form (афіцыйная форма заяўкі).
На паперы трэба пазначыць сваю федэрацыю, дату, акрэсліць намер на правядзенне турніру і паставіць птушку насупраць стадыёна, які краіна гатова прадаставіць.
Больш чым праз месяц УЕФА разгледзіць гэтыя формы і прыме рашэнне, якія менавіта краіны змогуць удзельнічаць у конкурсе на правядзенне Еўра-2020. Тады і можна будзе рабіць сапраўдныя заяўкі.
Фота са стадыёна "Трактар", sports.ru