Зборная Чэхіі па біятлоне будзе байкатаваць этап Кубка свету ў расійскай Цюмені
Зборная Чэхіі па біятлоне будзе байкатаваць этап Кубка свету ў расійскай Цюмені, які прызначаны на 9-12 сакавіка 2017 года. Пра гэта заявіў прэзідэнт Федэрацыі біятлону Чэхіі Іржы Хамза. Паводле яго слоў, рашэнне прынятае з-за допінгавых скандалаў у расійскім спорце, у тым ліку і ў біятлоне. Ёсць дадзеныя, што 31 расійскі біятланіст парушаў антыдопінгавыя правілы.
"Я не думаю, што этап у Цюмені адбудзецца, — цытуе словы Іржы Хамзы pressball.by. — Па той простай прычыне, што біятланісты туды не прыедуць. Чэхі, вядома, дакладна не прыедуць у Цюмень. Мы ўжо пра гэта дамовіліся... Расіі трэба даць сігнал пра тое, што ўся гэтая гісторыя выглядае кепска. Прыйшоў час камусьці сказаць услых тое, пра што гавораць усе за кулісамі. Мяркую, што і пра чэмпіянат свету 2021 года ў Расіі не можа ісці гаворкі".
Днямі з'явілася інфармацыя, што Міжнародны саюз біятланістаў склаў спіс магчымых кандыдатаў на замену Цюмені. У гэтым спісе фігуруе і беларускі біятлонны комплекс у Раўбічах.