Зборную Расіі па лёгкай атлетыцы адхілілі ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра
Савет Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (ІААФ) прыняў рашэнне пра часовае адхіленне Расіі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай на няпэўны тэрмін. За адхіленне Расіі прагаласавалі 22 члены камітэта з 24. Адзін прагаласаваў супраць. Расія, якая ўваходзіць у савет, не мела права голасу, перадае ВВС.
Рашэнне набывае моц неадкладна. Гэта робіць немагчымым выступ зборнай Расіі па лёгкай атлетыцы на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра.
Раней камісія Міжнароднага антыдопінгавага агенцтва рэкамендавала прыпыніць дзейнасць Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (УФЛА) за сістэматычныя парушэнні, звязаныя з прымяненнем допінгу спартсменамі.
У незалежнай справаздачы антыдопінгавага агенцтвы прагучалі абвінавачанні на адрас УФЛА, Расійскага антыдопінгавага агенцтва і трэнераў па лёгкай атлетыцы ў выкарыстанні забароненых прэпаратаў для падрыхтоўкі спартсменаў да спаборніцтваў. Камітэт Сусветнага антыдопінгавага агенцтва раней вынес рашэнне ад неадпаведнасці Расійскага антыдопінгавага агенцтва кодэксу арганізацыі.
Кіраўнік ІААФ Себасціан Коў заявіў, што на сёння гэта самае жорсткае пакаранне, якое можна выкарыстаць.
Наступствамі рашэння стане тое, што спартсмены з Расіі і іх трэнеры не змогуць прымаць удзел у міжнародных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, у тым ліку і ў Алімпійскіх гульнях. У 2016 годзе Расія не зможа правесці шэраг міжнародных лёгкаатлетычных спаборніцтваў. Пры гэтым расіяне змогуць праводзіць свае ўнутраныя спаборніцтвы, але пры гэтым абавязаныя выконваць усе правілы ІААФ у тым, што тычыцца кантролю за допінгам.
Фота: sport.obozrevatel.com