"З'ехалі спаць на здымную кватэру": беларусы стаяць на мяжы па 30 гадзін
Аўтобус Ecolines, фота ілюстрацыйнае
Беларусы, якія еду ў Польшчу на аўтобусах, праводзяць у чэргах на мяжы па 30 гадзін.
Многія ўжо карыстаюцца правераным "лайфхакам": дабіраюцца да Брэста на цягніках, а адтуль едуць у бок мяжы. І ўжо там просяць у кіроўцаў магчымасці "падсесці" ў бліжэйшы да прапускнога пункта аўтобус (вядома, заплаціўшы за квіток). Так можна значна скараціць свой час чакання ў чарзе.
І ўсё роўна шматгадзінныя перасячэнні мяжы даюцца людзям няпроста. Адзін з падарожнікаў распавядае ў чаце, што давялося вярнуцца на начлег у Брэст — неабыякавыя пасажыры пагадзіліся патэлефанаваць, калі аўтобус зрушыцца з месца.
Не лепш ідзе сітуацыя з перасячэннем мяжы на аўтамабілі — у чарзе стаяць па 35 гадзін. Людзі скардзяцца, што месцы ў чарзе прадаюць. Ля мяжы дзяжураць экіпажы ДАІ і штрафуюць тых, хто "ўлазіць" без чаргі.
Нашмат лепш абстаноўка на беларуска-літоўскай мяжы. На аўто цяпер можна прайсці абодва КПП за 3 гадзіны. Але важна ўдакладніць: на аўтамабілі з беларускімі нумарамі вы можаце ўехаць толькі калі ў вас ёсць літоўская віза, від на жыхарства ў Літве ці грамадзянства ЕС. На аўтобусе мяжу праходзяць за 4,5 гадзіны. Але нагадваем, што многія тавары забароненыя да правозу ў Літву, таму пераправерце свой багаж, калі абіраеце такі спосаб перасячэння мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.