У палякаў "поўная елка". Рыхтуемся да водпуску і вучым мову прыгранічных чатаў
Калі вы ўпершыню стаіце ў шматгадзіннай чарзе на мяжы, вам карысна будзе ведаць, якой мовай размаўляюць яго заўсёднікі
Беларусы стаяць па 12, а бывае і па 20 гадзін на мяжы, спрабуючы заехаць у ЕС, ці, наадварот, вярнуцца дадому. Каб зарыентавацца, колькі часу зойме прайсці мяжу, яны ідуць у папулярныя мясцовыя чаты, пытаюцца, як абстаноўка, і…
"У агароджы ўсё забіта, пару градак у эка, але мы ўжо стаім каля Бэлы", — пішуць у чаце.
ШТО?!
Тлумачым, на якой мове размаўляюць на беларуска-польскай мяжы (у тых, хто праходзіць беларуска-літоўскую, свой дыялект, раскажам пазней).
Экасцежка
Гэта самае страшнае. Калі вы чытаеце, што хвост чаргі на экасцежцы, сядзіце дома.
Агароды (градкі, адстойнік)
Так частыя вандроўнікі называюць участак дарогі перад уездам на памежны пераход "Варшаўскі мост". Яго афіцыйная назва — зона чакання (ЗО).
Але кіроўцам чамусьці здаецца, што калі чарга разбіваецца на шэрагі, гэта ўсё становіцца падобна на градкі. А градкі дзе? На агародзе. І вось на гэтым агародзе кіроўцы чакаюць, калі іх запросяць на пашпартны кантроль.
Калі на сайце ДПК напісана, што на брэсцкай мяжы ўезду ў Польшчу чакаюць 20 машын, гаворка ідзе менавіта пра зону чакання. Майце на ўвазе, што да гэтых градак яшчэ трэба дабрацца (маніторце навіны пра хвост чаргі і бойцеся экасцежкі).
Ждуны
Падарожнікі кажуць, што на агародах можна стаяць гадзінамі, таму што тут у чаргу "ўкліньваюцца блатныя". А месца для іх трымаюць "ждуны". Гэта значыць тыя, хто становіцца ў чаргу, каб потым прадаць сваё месца за грошы.
Асцярожна, будзеце ўкліньвацца ў чаргу — у чаце вас назавуць "прусаком". Каб зразумець, што гэта не пахвала, вам не давядзецца лезці ў наш слоўнік.
Стометроўка
Пачынаецца адразу за градкамі і агародамі. Гэта ўчастак дарогі ад шлагбаўма да першага КПП на памежным пераходзе.
Калі пішуць, што на стометроўцы 25 аўтобусаў — гэта вельмі дрэнна (сядзіце дома).
Бэла
А гэта ўжо тэрыторыя каля д'юці-фры. Тут беларусы, якія ўжо прайшлі пашпартны і мытны кантроль, чакаюць сваіх аўтобусаў.
Адправілі на бокс
Фух, з Беларусі выехалі, у дзьюцік схадзілі. І тут аднаго з удзельнікаў чата палякі адправілі на бокс. У 3 гадзіны ночы. Бокс! Што?
Бокс — гэта месца, дзе мытнікі даглядаюць ваша аўто і шукаюць забароненае. Таму калі ў гэтага кіроўцы нічога забароненага няма, то бокс пасярод ночы яму не страшны.
У палякаў поўная елка
А калі вяртаецеся з Польшчы ў Беларусь, "елка" можа апынуцца перапоўненай.
"Елка" — гэта выезд з польскіх мытных каналаў. Звычайна працуе 3-5 каналаў, а з іх у адну паласу на мост сцякаюцца "ручайкі" машын. Атрымліваецца "елка".
Калі "елка поўная", гэта значыць, вы не можаце заехаць на мост адразу пасля мытнага кантролю і будзеце яшчэ доўга стаяць у чарзе.
***
Ну што, зможаце расшыфраваць фразу "стометроўка пустая, адна градка, чакаем каля Бэлы і, спадзяемся, на зваротным шляху ў палякаў не будзе елкі"?
Тады вы гатовыя ўпершыню паехаць у Еўропу на аўто — добра вам адпачыць.
А пра сітуацыю на мяжы на гэтым тыдні можаце пачытаць тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.