Жазэп Барэль падтрымаў беларусаў напярэдадні другой гадавіны пратэстаў
Еўрасаюз не прызнае легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі і падтрымлівае памкненні беларусаў да дэмакратыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля. Ён звярнуўся да беларусаў з нагоды другой гадавіны пратэстаў пасля выбараў 2020 года.
Прадстаўнік ЕС згадаў масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся ў адказ на пратэсты беларусаў у 2020-м. З таго часу ціск толькі ўзмацняецца. Барэль згадаў, што ў Беларусі больш за 1200 палітвязняў — "праваабаронцы, журналісты, прафсаюзныя дзеячы, работнікі СМІ, юрысты і простыя грамадзяне, якія выказваюць любую крытыку сістэмы».
Ён падкрэсліў, што мноства беларусаў былі вымушаныя адправіцца ў эміграцыю, каб пазбегнуць палітычнага пераследу. "Рэжым закляйміў многіх дэмакратычных актывістаў "тэрарыстамі", падвяргаючы іх дэзінфармацыі і запалохванню, а таксама пагражаючы ім смяротным пакараннем. Ён таксама узмацніў пераслед польскай абшчыны", — гаворыцца ў заяве прадстаўніка ЕС.
Палітык падкрэсліў, што да адказнасці не прыцягулі ніводнага чалавека, вінаватага ў гвалце супраць грамадзянскага насельніцтва. Па яго словах, ЕС працягне падтрымліваць міжнародныя намаганні па прыцягненні уладаў Беларусі да адказнасці дзеля збору і захавання доказаў парушэнняў правоў чалавека. "Мы не забудзем ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, ягоных мінулых і цяперашніх злачынстваў", — абяцае Барэль.
Ад імя ЕС ён заклікаў афіцыйны Мінск вызваліць палітвязняў, паважаць правы чалавека і спыніць удзел у расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Таксама палітык абяцае падтрымку беларускаму народу з боку Еўрапейскага Саюза: "Для ЕС Беларусь і яе мужны народ з'яўляюцца важным еўрапейскім суседам. /.../ Мы будзем стаяць на баку народа Беларусі і падтрымліваць дэмакратычную, незалежную, суверэнную, квітнеючую і стабільную Беларусь".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.