Жонка міністра замежных спраў атрымала медаль Францыска Скарыны
Артыстка Вера Палякова-Макей атрымала медаль Францыска Скарыны. Яна стала адной з шасці чалавек, якія атрымалі гэтую ўзнагароду 28 сакавіка. Як паведамляла Еўрарадыё, у гэты дзень кіраўнік дзяржавы адзначыў дзяржаўнымі ўзнагародамі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў розных сфераў дзейнасці.
Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды
Медаль Францыска Скарыны атрымалі дырэктары Інстытута гісторыі і Інстытута філасофіі Акадэміі навук Вячаслаў Даніловіч і Анатоль Лазарэвіч, тэлевядоўца Святлана Бароўская, дырэктар НДРУП "Геаінфармацыйныя сістэмы" Сяргей Залаты, загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімір Петравец і вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаактора "Беларусьфільм" Вера Палякова-Макей. Гэта жонка міністра замежных спраў Уладзіміра Макея.
Веры Паляковай-Макей 37 гадоў, піша nn.by. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, шмат здымалася ў кіно, грала ў тэатры. Была стыпендыятам Спецыяльнага фонда прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.