Жыхар Гродна “шукаў калядную ялінку” па мяжы з Літвой
Памежнікі затрымалі яго з вялікай партыяй кантрабандных цыгарэт
Мужчына быў на ўласным мікрааўтобусе “Фольксваген-Транспортэр”. У машыне знайшлі 7 тысяч пачак цыгарэт, старанна запакаваных у воданепранікальную плёнку, інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Кіроўца паказаў памежнікам дакументы на права знаходжання ў памежнай зоне і чэкі на цыгарэты айчыннай вытворчасці. Праўда, праваахоўнікаў уразіла не змесціва мікрааўтобуса, а заяўленая мэта вандроўкі: мужчына сказаў, што ехаў на пошукі каляднай ялінкі.
Няўдачлівага шукальніка святочнага дрэўца накіравалі на мытню для разбіральніцтва. Знойдзеныя ў машыне цыгарэты ацанілі болей як у 37 мільёнаў рублёў.