Жыхар Рэчыцы прыйшоў у ДАІ і апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання

Жыхар Рэчыцы прыйшоў у ДАІ і апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання

Жыхар Рэчыцы прыйшоў на прыём да начальніка АДАІ Рэчыцкага РАУС, але ў выніку апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання. Пра здарэнне агенцтву БелаПАН распавяла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Наталля Халалеенка.

43-гадовы беспрацоўны шукаў у начальніка ДАІ правасуддзя: ён хацеў, каб перагледзелі адміністратыўны матэрыял, складзены на яго за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане. Дарэчы, і на прыём мужчына прыйшоў п'яным.

Паведамляецца, што падчас размовы мужчына ўчыніў скандал, лаяўся матам і не рэагаваў на заўвагі. Супрацоўнік ДАІ спрабаваў супакоіць наведвальніка, але ў адказ пачуў пагрозы — не толькі на свой адрас, але і на адрас сваёй сям'і.

Калі супрацоўнік ДАІ наблізіўся да мужчыны, той стаў хапаць інспектара за абмундзіраванне і парваў кашулю. Міліцыянты затрымалі дэбашыра і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

Па гэтым факце праводзіцца праверка. Цяпер яму пагражае не толькі адміністратыўная, але, магчыма, і крымiнальная адказнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі