Жыхар Віцебска асуджаны на 3 гады калоніі за замыканне чыгуначных шляхоў
Жыхар Віцебска асуджаны на 3 гады калоніі агульнага рэжыму за замыканне чыгуначных шляхоў. 41-гадовы Сяргей Іваноў прызнаў сваю віну толькі па адным эпізодзе. За кратамі ён знаходзіцца з сакавіка 2021-га. Як паведамляе spring96.org, крымінальную справу разглядаў суд Віцебскага раёна.
Іванова прызналі вінаватым ў прывядзенні ў канцы 2020-га ў "непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага транспарту, шляхоў спалучэння, сродкаў сігналізацыі" (ч. 1 арт. 309 КК) і ў "замаху на такія дзеянні" (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 309 КК). Мужчына прызнаўся, што акцыю здзейсніў пад уплывам асабістых матываў — страты дзіцяці (у яго жонкі здарылася перапыненне цяжарнасці). Ён паехаў на сваім аўтамабілі таксі ў лес і з дапамогай дроту закараціў рэйкавы ланцуг на чыгунцы. Па іншых эпізодах віну не прызнаў. Па словах Сяргея Іванова, ён сам сябе абгаварыў падчас следства. Мужчына абверг, што "паддаўся ўплыву заклікаў да масавага дэструктыўнага ўздзеяння грамадзянамі на аб'екты інфраструктуры чыгункі".
У судзе было агучана, што "названыя супрацьпраўныя дзеянні не прывялі да пашкоджання сродкаў сігналізацыі і сувязі, не паўплывалі на стабільнасць працы". На карысць Віцебскага аддзялення чыгункі з Іванова суд пастанавіў спагнаць кампенсацыю нанесенай матэрыяльнай шкоды на суму 846 рублёў 83 капейкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.