Жыхара Новай Баравой, якому сілавік пагражаў пісталетам, асудзілі на 14 сутак

Віктар Мароз / svaboda.org​
Віктар Мароз / svaboda.org​

Жыхара Новай Баравой Віктара Мароза, які паспрабаваў заступіцца за дзяўчыну, але ў выніку сам апынуўся ў міліцэйскім бусе, асудзілі на 14 сутак, паведамляюць праваабаронцы.

Інцыдэнт адбыўся ў дварах квартала 5 студзеня і запомніўся тым, што супрацоўнік міліцыі ў цывільным ударыў мужчыну нагой у жывот і пагражаў пісталетам.

Адзін са сведкаў, супрацоўнік органаў, распавёў у судзе, што яго калега дастаў табельную зброю, каб "засцерагчы дзяўчыну і сябе".

"У сувязі з тым, што супрацоўнікам была затрыманая дзяўчына, і тым, што Мароз быў настроены агрэсіўна і не адышоў, пасля таго як калега нанёс яму ўдар у жывот — ён дастаў табельную зброю", — сказаў сведка.

Першапачаткова Марозу спрабавалі асудзіць паводле арт 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, але на пасяджэнні суда 13 студзеня да пастановы справа так і не дайшла — матэрыялы адправілі на дапрацоўку. У выніку 18 студзеня Віктара судзілі ўжо па іншым артыкуле: за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі (23.4).

Суддзя Максім Трусевіч прысудзіў яго да 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

Варта дадаць, што пасля затрымання Віктар Мароз апынуўся ў бальніцы са шматлікімі траўмамі. Знаёмыя мужчыны распавядалі "Нашай Ніве", што пры паступленні ў клініку ў яго былі "праблемы з шыяй, моцная ваніты, страсенне мозгу". Медыкі ў сваю чаргу дыягнаставалі ў яго пашкоджанне мяккіх тканін жывата, удар патылічнай часткі і хрыбетніка. Акрамя таго, у турме ў Мароза знік нюх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі