Жыхары дома ХІХ стагоддзя судзяцца супраць яго руйнавання

Да дома № 32 па вуліцы Рэвалюцыйнай у Мінску ўжо ўшчыльную падабраўся бетонны паркінг… (фота) Вуліца Рэвалюцыйная — адзіная цэльная вуліца гістарычнага Мінска, якая захавалася да нашых дзён. Зараз там арудуе цяжкая тэхніка, за некалькі метраў ад помнікаў архітэктуры будуецца магутны паркінг. Дом № 32 узведзены ў ХІХ стагоддзі. У мінулым годзе літаральна каля ягоных сцен сталі забіваць буранабіўныя палі паркінга, у выніку ў доме з’явіліся трэшчыны. Цяпер жыхароў прымусова высяляюць, а дом апынаецца пад пагрозай знішчэння. Жыхары падалі ў суд на Мінгарвыканкам. Яны пратэстуюць як супраць уласнага высялення, гэтак і супраць знішчэння гістарычнага дома.

Спадар Іван: “Забівалі палі… І ўвесь час стаяў чалавек з будаўнічай арганізацыі за вуглом нашага дома — і сачыў. Як толькі нехта выходзіў з крамы ці з дома, тут жа даваў сігналы, і палі пераставалі забіваць. Так было ўвесь час цягам двух ці трох тыдняў”.

Гаворыць жыхарка дома Галіна Паўлаўна.



Галіна Паўлаўна: “Дом 1856 года, ён лічыцца помнікам даўніны. У горадзе ўсяго некалькі такіх дамоў. І вось гэтая вуліца Рэвалюцыйная — яна з’яўляецца адзінай у горадзе вуліцай, якая засталася пасля вайны. У нас жа нічога няма — Траецкае прадмесце і нашая вуліца. І калі мы гэта разбурым, у нас твар горада страціцца, у нас не будзе свайго!”

Пасля таго, як пайшлі трэшчыны, дом паставілі на “сцяжкі”. Аднак жыхары заўважаюць, што захоўваць стары будынак наўрад ці будуць.

Галіна Паўлаўна: “Так неахайна наш дом умацоўваюць, што зразумела: ніхто яго не захавае. Нам  у выканкаме так і сказалі: што вы дрыгаецеся, вас усё адно выселяць, а дом зруйнуюць. Пакуль мы тут, дом жывы, а як толькі з’едзем… Вось гэтыя два старыя дамы — тое самае, як толькі жыхароў выселілі, адразу зруйнавалі…”

Жыхарка дома Наталля пацвярджае сказанае.



Наталля:
“Ёсць, канешне, трэшчыны цяпер і ў сценах. Але, паводле заключэння “Белжылпраекта”, гэта ніяк не пагражае жыхарам, а прыбіраецца шляхам касметычнага рамонту: абдзіраецца старая тынкоўка, робіцца нанова і фарбуецца”.

Наталля мяркуе, што праўдзівая прычына іх адсялення зусім не ў аварыйным стане дома…

Наталля:
"Я думаю, гэта ўсё грошы. Бо зямля тут каштуе вялікіх грошай, і некаму выгадна зарабляць на гэтым, а не пакідаць жыхароў. Мяркую, што гораду было б выгадна, каб усё было прыгожа, каб гістарычныя помнікі заставаліся. Але ёсць, напэўна, нейкія чыноўнікі, якім гэта нявыгадна”.

Наталля прызнаецца, што жыць у доме ХІХ стагоддзя — гэта асаблівае адчуванне.

Наталля:
"Вы ведаеце, чароўнае ўражанне! Дыхаецца лёгка, высокія столі, светлыя пакоі… Калі я заходжу ў панэльныя кватэры — гэта як каменныя клетачкі. А тут — дом з душою…”

Бацька Наталлі прыгадвае, што не так даўно, у 1986 годзе, дом быў капітальна адрамантаваны — пакінулі толькі знешнія сцены, а ўсё ўнутранае начынне зрабілі новае. Таму казаць пра ягоны дрэнны стан не выпадае.

Спадар:
"Дом быў зусім іншага тыпу, тут было 32 кватэры. Яго адрэстаўравалі, зрабілі 8 кватэраў. Усё памянялі, капітальна адрамантавалі, пакінулі толькі знешнія сцены. Па-сутнасці, добры дом, які прызналі годным, жылым, зрабіўся тым, што вы бачыце, дзякуючы вось гэтым забудоўшчыкам”.

Прысутнічаў на зборы жыхароў і старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.



Антон Астаповіч: “Дзеянні гарвыканкама кранаюць ужо не толькі ўсіх жыхароў горада (бо знішчаюцца помнікі архітэктуры), а кранаюць інтарэсы канкрэтных жыхароў дамоў, якія знаходзяцца ў зоне гістарычнага цэнтра. Мінгарвыканкам гэта вырашае, пазбаўляючы гістарычныя абшары ад карэнных жыхароў”.

Праблемамі жыхароў узялася апекавацца адвакатка Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вераніка Варава. Між іншым, многія канторы ад справы папросту адмовіліся, бо пабаяліся выступаць супраць Мінгарвыканкама.

Вераніка Варава: “Вы ведаеце, нормаў закона шмат, пачынаючы з Канстытуцыі, дзе запісана, што ўласнасць грамадзянаў абараняецца дзяржаваю. Цяпер вось мы бачым, як яна абараняецца. Таксама парушаюцца пастановы Савета Міністраў, Жыллёвага кодэксу, Грамадзянскага кодэксу… Усё гэта парушаецца…”

Пры дапамозе Веранікі Леанідаўны ўжо пададзеныя ці рыхтуюцца скаргі ўва многія інстанцыі, у тым ліку пракуратуру і суд.

Вераніка Варава: “Будзем падаваць зараз у пракуратуру заяву і чакаць, што яны будуць вырашаць. Там выкладзена просьба ўзбудзіць крымінальную справу па факце знішчэння гістарычных помнікаў і культурнай спадчыны. У нас ёсць крымінальная адказнасць за такія рэчы. Тое, што тут адбываецца такое знішчэнне, мяркую, ні для каго не сакрэт. Пакуль справа знаходзіцца ў судзе Маскоўскага раёна, але касацыйная інстанцыя — Мінскі гарадскі суд — будзе разглядаць нашую скаргу. Мы вельмі спадзяемся, што будзе вынесенае Мінскім гарадскім судом законнае і справядлівае рашэнне”.

Карэнная мінчанка Надзея Міхайлаўна жыве на Рэвалюцыйнай ужо 52 гады. Кажа, што за гэты час было ці не пяць намаганняў знішчыць старыя дамы. Аднак кожны раз будынкі адстойвалі жыхары.



Надзея Міхайлаўна: “Не хачу, каб знішчылі дом! Жыву тут 52 гады. Магла б паехаць і ў іншае  месца, але дом знясуць. Як вунь той, 24а — выселіліся, а дом знеслі. Я патрыёт сваёй вуліцы!”

Галіна Паўлаўна дадае, што адчайвацца яны не збіраюцца, хаця чыноўнікі не абнадзейваюць іх.

Галіна Паўлаўна: “Гэта мы не ад сябе выдумалі, гэта было на судовым паседжанні. Калі прадстаўнік Мінгарвыканкама сказаў: “Чаго вы дрыгаецеся, усё адно ў вас нічога не атрымаецца, бо супраць такіх грошай вы — нішто”.




На вялікі жаль, такая шыльда не абавязкова ўратуе дом ад знішчэння


У доме ўсяго 8 кватэраў, таму мітынгуючых жыхароў няшмат...


Гэтыя маячкі жыхары прымусілі зрабіць будаўнікоў. Тое, што трэшчына не пайшла па бетонным маячку, значыцца, што дом не працягваецца разбурацца


Жыхары перакананыя, што дом спецыяльна даводзіцца да дрэннага стану звонку, каб заявіць пра ягоны аварыйны стан


У пацверджанне яны дэманструюць свае кватэры з добрым рамонтам, дзе ніякіх трэшчынаў ці абвалаў няма


Адсюль людзей хочуць высяліць на ўскраіну Мінска


Суседні дом №24 у падобнай сітуацыі — будаўнічыя палі забілі каля самага помніка архітэктуры... Жыхары таксама змагаюцца супраць адсялення 


Жыхары спадзяюцца на справядлівае рашэнне суда...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі