Жыхары Лоева скардзяцца на спецназаўцаў, заселеных у дзявочы інтэрнат педкаледжа
У дзявочы інтэрнат у Лоеве засялілі вайскоўцаў
Жыхары Лоева на беларуска-ўкраінскім памежжы сталі скардзіцца на вайскоўцаў, заселеных у мясцовы інтэрнат педкаледжа, піша "Зеркало".
Як паведамлялася раней, вайсковы спецназ засялілі ў дзявочы інтэрнат на пачатку верасня. У каледжы вучацца пераважна непаўналетнія дзяўчаты, якія паступаюць туды пасля заканчэння 9-га класа школы.
Жыхарка Лоева расказала журналістам, як паводзяцца вайскоўцы: "Паводзяцца неадэкватна, гучна лаюцца. Часта бачыла іх п'янымі. Яны рэгулярна чапляюцца да дзяўчат. Я гэта адчула на сабе, месяц таму вымушана была ад іх уцякаць. Стала страшна хадзіць па вуліцы ўвечары — не ведаеш, што можа з табой здарыцца".
Журналістка выдання затэлефанавала ў інтэрнат пад выглядам сваячкі адной з навучэнак. Загадчыца інтэрната Людміла Атрошчанка адрэагавала на пытанні даволі рэзка: "У нас ніхто нікога не баіцца. Усё гэта глупства! Як прозвішча вашай сястры? Няхай падыдзе да мяне - я з ёй пагавару. А лішнюю вось гэтую пургу пускаць не трэба!"
Як доўга ў інтэрнаце застануцца жыць вайскоўцы, дырэктарка каледжа Раіса Каляда казаць адмовілася. Яна параіла перадаць дзяўчатам, якія перажываюць праз суседства з салдатамі, падысці асабіста да яе на размову, а яна "ўсё растлумачыць".
У Гомельскім абласным упраўленні адукацыі ўдакладнілі, што вайскоўцы жывуць на іншым паверсе і маюць асобны ўваход у будынак. Маўляў, хвалявацца дзяўчатам няма чаго, а калі што — хай звяртаюцца да дырэктаркі каледжа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.