Жыроўка на 3 мільёны, выдаткі дзяржавы −23% і плата за асвятленне без лічыльніка

Жыроўка на 3 мільёны, выдаткі дзяржавы −23% і плата за асвятленне без лічыльніка

Аплата камунальных паслуг па новых тарыфах працягвае абураць беларусаў. На старонках у сацыяльных сетках з’яўляюцца выявы жыровак з сумамі пад тры мільёны рублёў. Адна з такіх прыйшла Аляксею за кватэру на вуліцы Гарадскі вал у Мінску. Мужчына прызнаецца, што ў кватэры ніхто не прапісаны, таму і раней даводзілася плаціць па тарыфах, якія “забяспечваюць эканамічна абгрунтаваныя затраты”. Але ў жыроўцы за студзень толькі за ацяпленне яму налічылі амаль на 2.5 мільёна.

Эканамічна абгрунтаваны тарыф — 854 710 рублёў за 1 Гкал. Затрачана на ацяпленне кватэры ў 88 квадратных метраў было 2.89 Гкал.

“У доме стаіць прыбор групавога ўліку, які разлічвае расход цеплавой энергіі на ацяпленне, — каментуе сітуацыю супрацоўніца аддзела па налічэннях Адзінага разліковага цэнтра Мінска. — Для тэмпературы паветра -7, якая была ў студзені, з улікам пэўных асаблівасцяў дома, скажу вам, лічба не крытычная”.

Калі ўлічыць, што дом пабудаваны ў 1950-х гадах, капітальнага рамонту ў ім не было, і адпаведна, сцены не ўцяпляліся, то можна здагадацца, пра якія “пэўныя асаблівасці дома” казала чыноўніца. Для параўнання, мы паглядзелі жыроўку кватэры плошчай 80 кв.метраў у новым доме. За той жа месяц і ў тым жа цэнтры горада атрымалася амаль на палову менш — 1,56 Гкал.

То бок, атрымліваецца, што спачатку мы гадамі плацім за тэхнічнае абслугоўванне дома, адлічэнні на капрамонт, а потым з-за таго, што дом старэе і не трымае цяпло, мы плацім амаль у два разы больш за ацяпленне. Чыноўнікі на гэта адказваюць простым: “Калі б вы былі там прапісаныя, то тарыф быў бы 133 417. А гэта ўжо не 2.5 мільёна за ацяпленне, а толькі 385 тысяч”.

Падобная сітуацыя і ў яшчэ аднаго мінчаніна, Аляксея. Толькі ў яго кватэры зарэгістраванае ЧУП. Для жыроўкі гэта тое ж самае, што і "ніхто не прапісаны". Толькі мужчына звяртае ўвагу не на ацяпленне, а на адсоткі пакрыцця выдаткаў дзяржавай і плацельшчыкам.

“Мая дзяржава не дасць мне засумаваць, — з сарказмам піша Аляксей у інтэрнэце. — Пагражаючы да 2018 года пакрыццём жыллёва-камунальных паслуг на 100%, ужо сёння я плачу 123%!!! Для тых, хто не ўмее чытаць лічбы, чытайце літары — Сто дваццаць тры адсоткі! Ага. Што вы казалі пра стоадсоткавае пакрыццё? Я хачу яго, дайце яго, дайце”.

Пры гэтым у радку “пакрыццё дзяржавай” стаіць −23%. То бок 23% ад эканамічна абгрунтаваных затрат на камунальныя паслугі для сваёй кватэры Аляксей дарыць дзяржаве.

“Справа ў тым, што ў гэтым месяцы ў нас не вельмі карэктна падлічныя адсоткі, — тлумачыць кіраўніца аддзела па налічэннях Адзінага разліковага цэнтра. — Як мне патлумачыла служба, якая займаецца гэтым разлікам, дадзеныя нам дасылае пастаўшчык паслуг, свой фактычны сабекошт паслуг. У гэтым месяцы яго ўзялі за снежань. А са студзеня эканамічна абгрунтаваныя тарыфы ў нас падняліся. Таму і адбылося так… не вельмі карэктна падлічылі”.

Яшчэ адна жыроўка прыйшла ў рэдакцыю Еўрарадыё са Шклова. Тут гаспадар кватэры збольшага не наракае на суму, бо за трохпакаёўку з пяццю прапісанымі людзьмі заплаціў амаль 400 тысяч.

“Але 28123 рублі за асвятленне пад'езда!!! — здзіўляецца Зміцер. — У нас жа чатыры лямпачкі на пад’езд па 60 Вт з датчыкамі на шум! Але адна з іх за два гады ні разу не працавала!”

Ён падлічвае, што шэсць кватэр пад’езда за месяц заплацілі 168 тысяч. Новы тарыф на электрычнасць — 1188 рублёў за 1 кВт. То бок за месяц на асвятленне пад’езда было патрачана 142,035 кВт. Лямпачка ў 60 Вт спажывае 0,06 кВт за гадзіну працы. Чатыры лямпачкі ў пад’ездзе спажываюць 0,24 кВт за гадзіну. Дзелім спажытую электраэнергію за месяц на 0.24 і атрымліваем 591,8 гадзін працы — больш за 24 дні бесперапынна! А калі пералічыць на тры лямпачкі, а калі ўзгадаць пра шумавыя датчыкі?..

“Няма лічыльнікаў у доме, і ў суседніх дамах таксама няма, — нечакана кажа спецыяліст разліковага цэнтра. — Вось у мяне акцік, у ім 496 кВт на ўвесь дом. Я іх толькі размеркавала па кватэрах”.

Спецыяліст шклоўскіх Раённых электрычных сетак тлумачыць, што раней разам з Камунальнай гаспадаркай складаўся акт, дзе ўказвалася колькасць лямпачак у пад’ездах ды магутнасць кожнай з іх. Згодна з гэтым актам і плацілі. Цяпер жа ў пад’ездах, у якіх няма лічыльнікаў, выстаўляецца колькасць кілават у адпаведнасці з тым, што было напісана ў гэтых актах. Адзіны варыянт не пераплачваць, па словах супрацоўніцы РЭС, патрабаваць у сваім ЖЭС усталёўку лічыльнікаў на кожны пад’езд.

“Не ведаю наконт бліжэйшага часу…, — губляюцца ў шклоўскім ЖЭС-е, пачуўшы прапанову ўсталяваць лічыльнік. — Вы ж разумееце, што гэта цяпер вельмі, ну вельмі дорага ўсё. Таму ўсё залежыць ад фінансавання ды як што там будзе”.

Атрымліваецца, што з-за таго, што ў ЖЭС-а няма грошай, жыхары будуць плаціць у разы больш, але пры гэтым асобныя лічыльнікі так і не з’явяцца…

Добрае рэфармаванне сістэмы ЖКГ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі