Зімовая ХХІІ Алімпіяда адкрылася ў Сочы

Упершыню ў гісторыі зімовыя Алімпійскія гульні праходзяць у Расіі. На адкрыцці прысутнічала каля 40 тысяч гледачоў, у тым ліку болей за 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, у тым ліку беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка. У часе ўрачыстай цырымоніі адбыўся парад удзельнікаў спаборніцтваў, маляўнічае шоў і запальванне алімпійскага агню. Гэтую місію даручылі алімпійскім чэмпіёнам — фігурыстцы Ірыне Радніной і хакеісту Уладзіславу Траццяку.



Ва ўрачыстым шэсці прынялі ўдзел дэлегацыі з 88 краін, што з’яўляецца абсалютным рэкордам па колькасці краін  — удзельніц зімовых Алімпіяд. Сцяг зборнай Беларусі нёс бронзавы прызёр Гульняў у Солт-Лэйк-Сіці (2002) фрыстайліст Аляксей Грышын. Раней несці сцяг прапаноўвалі лідару жаночай зборнай на біятлоне Дар’е Домрачавай, але яна адмовілася, бо не планавала ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцця. Спартсменка спаслалася на тое, што павінна рыхтавацца да бліжэйшай гонкі.



Спаборніцтвы ў Сочы будуць праходзіць да 23 лютага. Каля 3,5 тысяч спартсменаў разыграюць 98 камплектаў медалёў у 7 відах спорту (15 дысцыплін). Беларусь у Сочы прадставяць 27 спартсменаў у 5 відах алімпійскай праграмы — біятлон, фрыстайл, лыжныя гонкі, шорт-трэк і горныя лыжы. Найбольшыя надзеі ўскладаюць на біятланістку Дар’ю Домрачаву і мужчынскую зборную па фрыстайле, адзначае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі