Зісер: Пошук формы для дыялогу працягнецца
28 верасня ў Мінску прайшло паседжанне сяброў распушчанай грамадскай кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта.
Яны разглядалі прапанову старшыні Мінскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміра Карагіна стварыць грамадзкае аб'яднанне з дзесятка актыўных удзельнікаў былой рады. Пра вынікі сустрэчы Еўрарадыё расказаў яе ўдзельнік, генеральны дырэктар парталу TUT.by Юрый Зісер.
Еўрарадыё: пра што ішла гаворка, і як сябры рады адрэагавалі на апошнія навіны ад Макея?
Зісер: Збіраўся не ўвесь ГКР, а толькі ініцыятыўная група, якая хацела працягваць працу, якая ўсе гэтыя месяцы ўносіла нейкія прапановы па папраўках да дзеючага рэгламенту. Шчыра кажучы, зусім нечакана для нас гэтая праца спынілася. Але ў нас сфармаваўся такі калектыў цягам вясны - лета, з’явілася адчуванне агульных каштоўнасцяў і, перш за ўсё, гэта дыялог у грамадстве, бо нехта павінен ўзяць на сябе гэтую функцыю. Усе нападаюць толькі адзін на аднаго, а ў нас галоўнае – гэта дыялог. Мы былі ў пошуку формы і, думаю, што гэты пошук працягнецца, бо зараз незразумела, напрыклад, каго мы кансультуем, хоць сярод нас шмат экспертаў. Мы яшчэ не ведаем, як мы будзем называцца, хутчэй за ўсё, не так, як называліся.
Еўрарадыё: Менавіта прысутнасць Макея і стварала гэтую магчымасць дыялогу грамадства з уладай, а зараз атрымліваецца дыялог грамадства з грамадствам.
Зісер: А вы ведаеце, гэта таксама неабходна, бо шматлікія прадстаўнікі грамадства гатовыя адзін аднаго з кашай з’есці.
Еўрарадыё: Менавіта дзейнасць рады дапамагае неяк зблізіць пазіцыі?
Зісер: Безумоўна. Грамадству патрэбная кансалідацыя на аснове агульных каштоўнасцяў. Агульныя каштоўнасці ў нас – гэта Беларусь.
Еўрарадыё: Ці вырашылі вы ўсё ж стварыць афіцыйнае грамадскае аб’яднанне з актыўных удзельнікаў былой рады?
Зісер: Так. Мы разглядалі самыя розныя грмадска-прававыя формы, але не прыйшлі да канкрэтнага меркавання. Калі мы створым саюз арганізацый, то, па нашым заканадаўстве, грамадскія арганізацыі не могуць складацца з разнастайных элементаў – гэта або аб’яднанне фізічных асоб або юрыдычных, а гэта для нас вельмі не зручна. Бо ў нас, напрыклад, ёсць два дэпутаты парламента, яны не прадстаўляюць нейкую грамадскую арганізацыю, і атрымліваецца, што не ўпісваюцца, а гэта супярэчыць нашым каштоўнасцям. Таму гэта, хутчэй за ўсё, будзе грамадская арганізацыя, трэба толькі вырашыць, ці замахвацца на рэспубліканскую адразу ці абмежавацца гарадской і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.