Змагароў з арганізаванай злачыннасцю абакралі амаль на 270 тысяч долараў
З сейфа ў будынку Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі невядомы скраў амаль 270 тысяч долараў.
Пра дзёрзкі крадзеж, які адбыўся літаральна пасярод белага дня, піша "Беларускі партызан". Злачынства адбылося яшчэ на пачатку года — 8 студзеня, але вядома пра яго стала толькі цяпер. Звесткі пра яго трапілі ў Адзіны дзяржаўны рэестр судовых рашэнняў Украіны праз пастанову Шаўчэнкаўскага раённага суда Кіева.
З дакумента вынікае, што беларускія праваахоўнікі звярнуліся па дапамогу да ўкраінскіх калег па крымінальнай справе №17128000037, пачатай на грамадзяніна N. Яго вінавацяць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры, за што пагражае ад 3 да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Як можна зразумець, каля 9-й гадзіны раніцы 8 студзеня 2017 года грамадзянін N скраў з сейфа ў кабінеце № 107 адміністрацыйнага будынка №3 на вуліцы Рэвалюцыйнай грошы ў памеры 269 150 долараў.
У гэтым будынку размяшчаецца Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі (ГУБАЗіК). Іншых арганізацый у гэтым будынку няма.
Ужо ў 13.00 зламыснік перасёк беларуска-ўкраінскую мяжу. Паведамляецца, што ва Украіне ён сустрэўся з жанчынай (яе асобу вызначылі), а таксама размаўляў па тэлефоне з невядомым мужчынам.
9 студзеня каля 6-й гадзіны раніцы зламыснік ужо з'ехаў з Украіны ў Румынію, дзе яго сляды згубіліся.
Варта звярнуць увагу, што крадзеж адбыўся ў выходны дзень — нядзелю. Сам будынак ГУБАЗіК аснашчаны відэакамерамі, а на ўваходзе размяшчаюцца дзяжурная частка, турнікет і ахова.
Украінскі суд задаволіў хадайніцтва следчага аб аказанні прававой дапамогі беларускім калегам.