Змест перамоваў ЗША і Расіі у Эр-Рыядзе не будуць раскрываць

Перамовы працягваліся каля 12 гадзін у закрытым рэжыме / Reuters
Змест перамоваў ЗША і Расіі, якія напярэдадні прайшлі ў Эр-Рыядзе, не будуць раскрываць. Пра гэта ў аўторак заявіў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна. Паводле яго слоў, гэта былі "тэхнічныя перамовы", і цяпер аналізуюцца агучаныя на іх даклады.
"Гэта перамовы з апусканнем у дэталі, таму, вядома, змест гэтых перамоваў публічыцца дакладна не будзе, — кажа Пяскоў. — Гэтага не варта чакаць".
Амерыканска-расійскія перамовы ў Саудаўскай Аравіі працягваліся каля 12 гадзін у закрытым рэжыме. Па даных CBS News, у сераду чакалася сумесная заява (Reuters дадаваў, што яна будзе "пазітыўная"). Але яе не адбылося.
Белы дом раней заяўляў, што гэтым разам прыкладаюцца намаганні да спынення агню ў Чорным моры з мэтай забеспячэння свабоднага суднаходства. Днямі ў Эр-Рыядзе сустракаліся дэлегацыі ЗША і Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.