ЗША абяцаюць Украіне дадатковую дапамогу — 300 млн долараў у 2022 годзе
ЗША абяцаюць Украіне дадатковую дапамогу — 300 млн долараў у 2022 годзе. Пра гэта ў Кіеве заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен. Ён сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Дзмітром Кулебам. Пасля гэтых сустрэч дзяржсакратар ЗША паабяцаў Кіеву больш дапамогі ў сферы бяспекі і абароны ў выпадку агрэсіі Расіі. "Усё гэта ўжо спланавана", — дадаў ён.
"Расія ўжо працяглы час дэстабілізуе Украіну эканамічна і палітычна, — казаў Блінкен. — І мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну".
Энтані Блінкен заклікаў палітычную эліту Украіны не расколваць грамадства, бо гэта будзе працаваць на карысць РФ. "Лідары ўнутры і за межамі ўкраінскага ўраду павінны адкінуць свае рознагалоссі на карысць агульных нацыянальных інтарэсаў і працаваць разам, каб падрыхтавацца да цяжкіх дзён", — сказаў ён.
На 21 студзеня ў Жэневе запланаваная сустрэча дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена і міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова. Яны абмяркуюць пытанне ўрэгулявання сітуацыі вакол Украіны. Злучаныя Штаты спадзяюцца яе ўрэгуляваць дыпламатычным шляхам. Тэма магчымай агрэсіі Расіі супраць Украіны, у тым ліку і праз тэрыторыю Беларусі, застаецца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.