ЗША часова забараняюць грын-карты
ЗША часова забараняюць грын-карты. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прыняў рашэнне з-за каранавіруса прыпыніць іміграцыю ў яго краіну. Праз 60 дзён часовая забарона можа быць працягнута ці перагледжана з улікам эканамічнай сітуацыі. Адпаведны ўказ Трамп збіраецца падпісаць у сераду, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Было заяўлена, што новаўвядзенне выклікана не толькі з меркаванняў бяспекі ў справе з распаўсюдам каранавіруса, але і для абароны працоўных месцах для амерыканцаў. У апошнія месяцы ў ЗША расце беспрацоўе. Мяркуецца, што забарона грын-картаў можа закрануць сотні тысяч людзей па ўсім свеце.
"Гэта было б няправільна і несумленна, калі б амерыканцаў, звольненых з-за віруса, замянілі работнікі з-за мяжы", — заявіў Дональд Трамп.
Аднак будуць і выключэнні. Напрыклад, для працаўнікоў сельскагаспадарчай галіны, якія змогуць прыехаць у ЗША з намерам застацца там жыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.