ЗША лічаць неабходным дыялог з рэжымам Лукашэнкі — прадстаўніца Дзярждэпа

Робін Даніген / svaboda.org
Робін Даніген / svaboda.org

Дзярждэпртамент ЗША лічыць неабходным весці дыялог з рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта намесніца памочніка дзяржсакратара ЗША Робін Даніген паведаміла ў гутарцы з Радыё "Свабода".

Даніген лічыць эфектыўнымі санкцыі, уведзеныя супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

"Сярод нашых санкцый — вельмі жорсткі кантроль за экспартам. Давайце для прыкладу возьмем расійскія войскі. Кантроль за экспартам арганізаваны менавіта для таго, каб гарантаваць, што Пуцін не зможа працягваць нарошчваць, забяспечваць і падтрымліваць свае ўзброеныя сілы і ваенна-паветраныя сілы. Не зможа забяспечваць іх сучаснымі тэхналогіямі. Мы пераразаем тэхналагічныя пастаўкі для яго машыны вайны", — тлумачыць прадстаўніца Дзярждэпа.

На яе думку, вынік санкцый будзе толькі павялічвацца ў наступныя месяцы і гады.

Санкцыі супраць беларускага рэжыму, па словах Даніген, скіраваныя на тое, каб Беларусь пачала выконваць уласныя абавязальніцтвы ў рамках Статута ААН і АБСЕ — не быць саўдзельніцай у вайне супраць Украіны.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што ЗША вядуць дыялог з рэжымам Лукашэнкі: "У іх ёсць амбасада ў Вашынгтоне, а каманда нашай амбасады, якая цяпер у Вільні, працягвае весці дыялог. Мы ў Дзярждэпартаменце дыпламаты, мы лічым, што дыялог неабходны. Мы паведамляем рэжыму Лукашэнкі, што мы будзем рады больш дэталёва размаўляць па шэрагу пытанняў, якія адпавядаюць узаемным інтарэсам".

Даніген назвала першыя крокі, якія ЗША чакаюць ад мінскага рэжыму: свабодныя і справядлівыя выбары, вызваленне ўсіх палітвязняў, дазвол  працаваць грамадзянскай супольнасці і незалежным СМІ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі