ЗША заклікаюць Мінск вызваліць усіх палітвязняў і пачаць дыялог з КС
Міністры краін АБСЕ заклікаюць беларускія ўлады вызваліць палітвязняў / TUT.BY
Вызваліць усіх палітвязняў і незаконназатрыманых, а таксама пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю заклікаў беларускія ўлады намеснік дзяржсакратара ЗША Стывен Біган на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін-удзельніц АБСЕ. Пасяджэнне праходзіць у гэтыя дні, 3-4 снежня, у фармаце відэаканферэнцыі.
Біган казаў пра тое, што ў Беларусі са жніўня парушаюцца абавязацельствы перад АБСЭ і груба парушаюцца правы чалавека, цытуе БелаПАН паведамленне прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША. Палітвязнямі прызнаныя больш за сто чалавек, затрыманых за рэалізацыю правоў чалавека і фундаментальных свабодаў.
Біган спасылаўся на дадзеныя з дакладу, падрыхтаванага па беларускай сітуацыі ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ. Па словах дыпламата, дакладчык робіць справядлівую выснову, калі заклікае ўлады спыніць рэпрэсіі, прыслухацца да людзей і правесці свабодныя і справядлівыя выбары.
"Яны павінны пачаць канструктыўны дыялог з Каардынацыйнай радай і беларускай грамадзянскай супольнасцю", — сказаў Біган.
Даклад па Беларусі, падрыхтаваны ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ Вольфгангам Бенедеком, згадваў у сваім выступе і міністр замежных спраў Польшчы Збігнева Рау. Ён таксама пагадзіўся з высновамі дакладчыка: Беларусі патрэбныя новыя выбары і грамадскі дыялог. Па словах Рау, АБСЕ можа садзейнічаць гэтаму працэсу.
Пра сітуацыю ў Беларусі на саміце таксама казалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамства Літвы і Латвіі.
Кіраўнік літоўскага МЗС Лінас Лінкявічус, у прыватнасці, заклікаў міжнародную супольнасць больш актыўна рэагаваць на палітычны крызіс у Беларусі: аказваць ціск на беларускія ўлады, патрабаваць адказнасці за сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і дапамагаць грамадзянскай супольнасці.
Латвійскі міністр Эдгарс Рінкевічс таксама заклікаў партнёраў па АБСЕ падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць. Звяртаючыся да афіцыйнага Мінска, ён заклікаў спыніць гвалт супраць мірных дэманстрантаў і пачаць палітычны дыялог з апазіцыяй.
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які таксама выступаў на пасяджэнні СМЗС АБСЕ, выказаўся супраць "надуманага выкарыстання асобнымі дзяржавамі-ўдзельніцамі АБСЕ састарэлых палітызаваных механізмаў" і супраць "прыняцця дзяржавамі-удзельніцамі аднабаковых абмежавальных мер". Макей у чарговы раз заявіў пра контрпрадуктыўны характар санкцый, "асабліва эканамічных, якія ніколі не дасягаюць сваіх мэтаў і толькі паглыбляюць прорву недаверу паміж краінамі". Яго словы прыводзіць прэс-служба МЗС Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.