Звольнены падпалкоўнік міліцыі з Крычава падаў у суд скаргу на МУС
Звольнены начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС Ігар Вусік аспрэчвае сваё звальненне праз суд. 5 чэрвеня ён падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з патрабаваннем адмяніць загад МУС пра яго звальненне, піша tut.by.
Як паведамлялася раней, Вусік узначаліў так званы "бунт міліцыянтаў". У лютым 2017 года супрацоўнікі крычаўскай міліцыі напісалі калектыўны ліст да міністра ўнутраных спраў, заявілі аб парушэнні сваіх правоў. Міліцыянты папрасілі правесці праверку кіраўніцтва РАУС у сувязі са шматлікімі злоўжываннямі. Таксама 11 праваахоўнікаў распавялі ў СМІ, што ім даводзілі планы па затрыманнях і забіралі грошы, налічаныя ў прэміі.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што пасля службовай праверкі парушэнні дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў былі выяўленыя як з боку кіраўніка райаддзела, так і з боку скаржніка. За гэта абодвух прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці.
Потым адбылася яшчэ адна праверка — за распаўсюд інфармацыі ў СМІ "з парушэннямі патрабаванняў унутраных нарматыўна-прававых актаў МУС". У выніку гэтага падпалкоўніка Ігара Вусіка выключылі з афіцэрскага сходу. А потым яго і ўчастковага інспектара лейтэнанта Андрэя Шашкова звольнілі. Іх звінавацілі распаўсюдзе дыскрэдытуючай інфармацыі ў СМІ.
У сваё скарзе ў суд Вусік адзначае грубае парушэнне статута службы і заключанага з ім кантракту, звяртае ўвагу на незаконнасць свайго звальнення.
Таксма падпалкоўнік напісаў заяву на імя міністра Шуневіча. У звароце ён адзначыў, яго з падначаленымі звольнілі за ўдзел у відэасюжэце тэлеканала "Белсат", а начальніка РАУС Станіслава Чупрына, які выступіў там жа, не пакаралі за такое ж парушэнне дысцыплінарнага статута.
Міліцыянты настойваюць, што надалі агалоску сітуацыю ў РАУС для таго, каб спыніць правапарушэнні. Аднак кіраўніцтва ні на ўзроўні вобласці, ні на ўзроўні міністэрства іх не пачула.
Дарэчы, звольнены з міліцыі былы ўчастковы Андрэй Шашкоў зараз праходзіць тэрміновую службу ў войску. Па словах Вусіка, яго прызвалі праз некалькі дзён пасля звальнення.