Зяленскі адказаў папе рымскаму, які заявіў аб "мужнасці падняць белы сцяг"
Уладзімір Зяленскі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адказаў папе рымскаму Францішку, які выказаўся аб неабходнасці перамоваў паміж Кіевам і Масквой. Пры гэтым пантыфік ужыў выраз "белы сцяг".
"Расійскія забойцы не ідуць далей па Еўропе толькі таму, што іх стрымліваюць украінцы і ўкраінкі са зброяй у руках і пад сіне-жоўтым сцягам", – звярнуўся да папы рымскага Зяленскі. Ён нагадаў, што да пачатку вайны ва Украіне "было шмат белых сцен дамоў і цэркваў, якія зараз абпалены і разбіты расійскімі снарадамі".
"І гэта вельмі красамоўна гаворыць, хто павінен спыніцца, каб вайна спынілася", — зазначыў Зяленскі. Ён таксама падзякаваў святарам, якія знаходзяцца на перадавой. Святарам, якія "абараняюць жыццё і чалавечнасць, падтрымліваюць і малітвай, і размовай, і справай. Вось што такое царква — з людзьмі. А не ў двух з паловай тысячах кіламетрах — дзесьці там займацца віртуальным пасярэдніцтвам паміж тым, хто хоча жыць, і тым, хто хоча цябе знішчыць", — заявіў украінскі прэзідэнт.
Заклік папы рымскага да Кіева пачаць перамовы прагучаў падчас інтэрв'ю швейцарскай вяшчальнай кампаніі RSI. Журналісты медыя задалі Францішку такое пытанне: "Некаторыя ва Украіне заклікаюць знайсці смеласць здацца, выставіць белы сцяг. Але іншыя гавораць, што гэта легітымізуе права наймацнейшага. Што вы пра гэта думаеце?". У адказ пантыфік сказаў: "Я думаю, што мацнейшы той, хто бачыць сітуацыю, хто думае пра народ, у каго ёсць мужнасць белага сцяга, каб весці перамовы". Пазней у Ватыкане растлумачылі, што Францішак не меў на ўвазе, што Кіеў павінен капітуляваць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.