Зяленскі патлумачыў пратэстоўцам, "з чым пагадзілася Украіна ў Мінску"
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі запісаў відэазварот, прысвечаны ўзгадненню "формулы Штайнмаера". У ім ён патлумачыў пратэстоўцам, "з чым пагадзілася Украіна ў Мінску". Як вядома, ва Украіне праходзяць акцыі пратэсту. Іх удзельнікі не згодныя з крокамі ўладаў па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе.
"Магчыма, я цяпер кагосьці моцна засмучу, але "здрада" адмяняецца", — так пачынае свой зварот Зяленскі. Ён падрабязна патлумачыў сітуацыю напярэдадні сустрэчы ў Нармандскім фармаце, падчас якой кіраўнікі Украіны, Расіі, Францыі і Германіі абмяркуюць "шляхі спынення вайны на Данбасе".
"Я паважаю канстытуцыйнае права кожнага грамадзяніна Украіны на пратэст, я чую вас, і паверце — я ніколі не здам Украіну!", — кажа Уладзімір Зяленскі і заклікае грамадзян "не паддавацца на маніпуляцыі і правакацыі некаторых асобаў". І ўдакладніў, што гаворка пра папярэднюю ўладу: "Яны вельмі хочуць выкарыстаць вас, вярнуць сабе магчымасць рабавання, стаць ахвярамі палітычнага пераследу і пазбегнуць крымінальнай адказнасці. Гэтага не будзе".
4 кастрычніка ў Жытоміры мусіць адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. У гэтым украінскім горадзе праходзіць II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.