Зыход працягваецца — Расія застаецца без папулярных відэагульняў і Google Play
Гульнявая кансоль Sony / cnet.com
Замежныя кампаніі працягваюць згортваць працу ў Расіі. У чацвер стала вядома, што для расійцаў больш не даступная плацежная сістэма Google Play.
"Карыстальнікі не змогуць купляць прыкладання і гульні, аплачваць падпіскі або здзяйсняць якія-небудзь пакупкі лічбавых тавараў у прыкладаннях з дапамогай Google Play у Расіі. Бясплатныя дадаткі застануцца даступнымі ў Play Store", — гаворыцца ў паведамленні Google.
Рашэнне было прынятае "ў сувязі з парушэннямі працы плацежных сістэм". Нагадаем, з 10 сакавіка міжнародныя аплатныя сістэмы Visa і Mastercard прыпыняюць працу ў Расіі. Раней выпушчаныя ў Расіі карты працуюць толькі ўнутры краіны, але імі нельга расплаціцца за мяжой, а таксама ў сэрвісах Apple Pay і Google Pay.
Вытворцы відэагульняў адзін за адным кажуць пра згортванне працы на расійскім рынку. Пра прыпыненне працы Playstation Store і паставак кансоляў у Расію заявіла Sony. Не будзе пастаўляць гульнявыя кансолі ў РФ і японская кампанія Nintendo.
Вытворца аўтамабіляў Toyota не хоча сыходзіць з расійскага рынку, але пакуль прыпыніў вытворчасць — праз складанасці з пастаўкамі камплектуючых. Не будзе пакуль і паставак новых аўто. "Такое рашэнне звязанае з праблемамі ў вытворчых ланцугах і экспартных каналах", — тлумачаць у прэс-службе кампаніі.
Вытворца шакаладак Alpen Gold і печыва Oreo таксама спыняе ўкладанні ў расійскі рынак. Рэкламу і інвестыцыі ў Расіі прыпыніла і кампанія Mars.
Акрамя таго, у РФ пакуль будзе немагчыма здаць міжнародны экзамен на веданне англійскай мовы IELTS.
Міжнародныя кампаніі сталі згортваць працу на расійскім рынку і адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Расіяй пасля яе ўварвання ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.