10 самых пекных нявест беларускай рок-тусоўкі

Артыкул “Топ-10 самых зайздросных жаніхоў беларускай рок-тусоўкі” найбольш зацікавіў… хлопцаў! Еўрарадыё зразумела памылку. Сёння мы публікуем супрацьлеглы гендарны топ. Пра стаўленне да шлюбу, ідэальнага мужа і заляцанні фанатаў мы размаўляем з патэнцыйнымі рок-нявестамі.

Першае адкрыццё: знайсці 10 незамужніх “рокерш” аказалася няпростай справай! Руся — з мужам. Зоя Сахончык — натуральна — з Уладзімірам Сахончыкам. І нават маладуха Валерыя Валадзько ўжо паспела згуляць вяселле! Рок-прыгажунь разбіраюць “на раз”. І правільна робяць — дзяўчаты яны што трэба!

“Муж абавязкова павінен любіць падарожжы”

Вакалістка гурта Unia Даша Трубіна прызнаецца, што прыхільнікі ў яе розныя: і падарункі дораць, і кветкі, і на каву запрашаюць. Нават расцяжкі з прызнаннямі пад вокнамі на дрэвы вешалі. Праўда, потым Дашы іх даводзілася здымаць самой, бо скардзіліся суседзі.

“Муж павінен быць з добрым пачуццём гумару. Мусіць быць адкрыты, прыязны, здольны змяняцца сам і змяняць свет навокал, але абавязкова ён павінен любіць падарожжы”, — пералічвае рысы ідэальнага выбранніка Даша.

Самымі каштоўнымі падарункамі спявачка заўжды лічыла вершы! Якія (разам з прыхільнікамі) цяпер перамясціліся ў сацыяльныя сеткі. Там Даша заўсёды адкрытая да размовы з цікавымі ненахабнымі людзьмі. Асабліва, калі дзень выдаўся сумны і дажджлівы.

“Штампам у пашпарце адносіны не ўзмацніць”

Яшчэ адна рудая прыгажуня — Наста Паламар з метал-гурта Exist M — пасля канцэртаў можа сфатаграфавацца з хлопцам і даць аўтограф, але не больш за тое. Прынцыпы ў металісткі — жалезныя! Можа, таму толькі аднойчы — падчас выступу Exist M у Брэсце — хлопец асмеліўся выйсці на сцэну і падарыць ёй невялічкі букецік ружаў. Астатнія… Адразу прапануюць ажаніцца!

“Можа, тое, што я па адукацыі юрыст, паўплывала. Але, на мой погляд, нічога больш важнага, чым самі адносіны, няма, і ніякі штамп у пашпарце іх не ўзмацніць, — разважае Наста. — Адносіны ці ёсць, ці іх няма. Менавіта таму на сёння я не бачу неабходнасці ў іх узаконьванні”.

Наста ўжо 7 гадоў сустракаецца з музыкам іншага металічнага гурта. У ім яна і бачыць свой ідэал — “сапраўднага мужчыну, у якім можна быць упэўненай, які дае свабоду і разумее, што паміж мужчынам і жанчынай мусіць быць раўнапраўе”.

“Чакаю цябе, мой дурачок!”

Гурт “Разбітае Сэрца Пацана” — актыўны пастаўшчык зайздросных нявест. Падтанцоўка з дуэта “ЭВМ” не рэдка збірае больш апладысментаў і воклічаў ухвалення, чым самі музыкі. Вось толькі далей размоваў нічога не заходзіць. “Імідж не той”, — скардзіцца на жыццё інтэлектуалка і трэш-дзіва Юля Шаўчук:

“Усе мужчыны нас баяцца! Яны думаюць, што мы жанчыны-вамп, злыя мужаненавісніцы! Насамрэч жа, мы мілыя, далікатныя, мяккія рамантычныя асобы. Але пад вокнамі ніхто не стаіць, нават адрас не пытаюцца. І тым больш, не праводзяць дамоў! Бывае, кветкі прынясуць. І ўсё. Затое дзяўчаты ўжо двойчы срэбныя пярсцёнкі дарылі”.

Сорамна, хлопцы! Школьнікі, якія яшчэ не зведалі горычы адмоваў, часам наважваюцца пісаць Юлі ў сацыяльных сетках. Але дзяўчына іх адшывае. У сваіх марах яна бачыць высокага, прыгожага ды разумнага мужчыну… Але галоўнае — выдатнае пачуццё гумару! “Я чакаю цябе, мой дурачок!” — са смехам дадае Юля.

“Як быць дарослай жанчынай, калі я дагэтуль скачу па сцэне з амаль голым азадкам?”

Другая палова дуэта “ЭВМ” Марына Юрэвіч у першую чаргу ўзгадвае падарунак ад прыхільніц: срэбныя завушніцы ў выглядзе аголеных мужчыны і жанчыны. А вось прыхільнікаў з усмешкай называе больш сквапнымі, бо дораць яны толькі кветачкі ды розныя смачнасці. Наведвальнікаў канцэртаў Марына лічыць сваімі сябрамі ды сваякамі, таму з задавальненнем знаёміцца і размаўляе. Вось толькі п’яныя ды брудныя заляцанні (якія часам такі здараюцца) яе крыўдзяць.

“Муж мусіць быць вельмі разумным, вельмі прыгожым, вельмі таленавітым, шчырым, а галоўнае — цікавым, ды каб давяраў, тады і прыгажосць можна на другі план адсунуць, — прызнаецца Марына. — Але мне падаецца, што каб выйсці замуж, стварыць сям’ю, трэба неяк саспець. Ну, а як я магу быць дарослай жанчынай, калі дагэтуль скачу па сцэне з амаль голым азадкам?”

“Магчыма, гэта я сябе паводжу занадта непрыступна…”

Вакалістке Tanin Jazz Таццяне Гарошка даўно не хапае мужчынскай энергетыкі. А хочацца, каб побач быў разумны, мэтанакіраваны мужчына, каб разам з ім прыходзіла пачуццё абароненасці, упэўненасці і ўтульнасці.

“Але неяк гэта не пра нашых мужчын! Яны баяцца падыйсці, баяцца быць не прынятымі, — шкадуе Таццяна. — Такіх прыхільнікаў, якія б наважыліся на пэўныя жэсты, у мяне, відаць, увогуле няма. Магчыма, гэта я сябе паводжу занадта непрыступна… Не ведаю!”

Падчас канцэртаў Таццяна заўважае мужчын, бачыць, што яна ім падабаецца, але працягу гэта ніколі не атрымлівае. Незразумела! Зорнай хваробы ў вакалісткі Tanin Jazz няма, але, як і кожная жанчына, гонар мае!

“Мне трэба, каб муж быў спакойны, бо я неспакойная нейкая”

Паліна Рэспубліка — дзеўка не промах. Заляцанні прыхільнікаў яна лічыць… стымулам для свайго хлопца! Што праўда, пакуль яго канкурэнты не пераследуюць спявачку пасля канцэртаў і не абрываюць тэлефонаў. Проста дораць кветкі, але тут і засада: менавіта кветкі больш за ўсё і любіць Паліна!

“Мне трэба, каб муж быў спакойны, бо я неспакойная нейкая. Каб цярплівы і харошы быў, — усміхаецца самая маладая прадстаўніца нашага спісу. — Але пакуль я не планую выходзіць замуж, бо трэба яшчэ стаць дарослай дзевачкай. Усё яшчэ наперадзе”.

 

“Муж павінен быць разумнейшым за мяне!”

Каб не крыўдзіць свайго хлопца, на ўсе кампліменты ў сацыяльных сетках ды пасля канцэртаў флейцістка гурта Pawa Марына Грышанава адказвае сухім “дзякуй”. Але пра вяселле пакуль не думае. Відаць яшчэ не прыйшоў час.

“Муж павінен быць сцяной, апорай, — разважае Марына. — Чалавекам, якому можна ўсё даверыць, з якім можна параіцца… Ну, і муж павінен быць разумнейшым за мяне!”

“Калі ты сустракаеш свайго чалавека — гэта пэўная хімія”

Іншая ўдзельніца гурта Pawa — скрыпачка Надзея Процька — лічыць музыку выдатнай магчымасцю пазнаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей. Яна з задавальненнем прымае кампліменты пад сцэнай, але на большае прыхільнікі чамусьці не наважваюцца.

“Ты можаш прыдумваць яму шмат рысаў, але ён будзе зусім не такім, якім ты яго сабе ўяўляла. Калі ты сустракаеш свайго чалавека — гэта пэўная хімія, ты проста разумееш, што гэты чалавек перад табою!”

“Усё будзе добра, але не цяпер!

На думку вакалісткі Apple Tea Аляксандры Захарык, музыка выцягвае так шмат часу, што другая палова, хутчэй за ўсё, таксама мусіць быць з гэтай сферы. Саша не адмаўляе рэгулярную ўвагу ад аматараў яе творчасці: кветкі, прапановы сустрэч… Але пазбягае сустрэч з малазнаёмымі людзьмі.

“Я лічу, што сям’я мусіць быць на прыярытэтным месцы для кожнай дзяўчыны. Незалежна, кар’ерыстка яна ці не, — разважае Саша. — Як мая мама кажа: “Ты ў мяне позняе дзіця, відаць, і ў цябе ўсё будзе крыху пазней чым у іншых”. Таму я не перажываю, займаюся творчасцю і веру што ўсё будзе добра, але не цяпер! Хоць, хто яго ведае, можа, і хутка, усялякае ж у жыцці бывае!”

Для Сашы галоўнае, каб мужчына быў крыху вар’ятам і не спадзяваўся на пранне шкарпэтак, прыгатаваныя абед, сняданак, вячэру і г.д. Ён мусіць умець правільна падзяліць хатнія абавязкі. А футбол пад піва глядзець у яе кампаніі. Без эгаізму.

“У XXI стагоддзі вельмі складана адэкватна ставіцца да шлюбу”

“Мне 20 гадоў. Думаю, гэта нармальна, што я яшчэ не замужам, — здзіўляецца пытанню Еўрарадыё вакалістка гурта Lilac Аня Жданава. — Мне падаецца, што ў XXI стагоддзі вельмі складана адэкватна ставіцца да шлюбу. Ну, хіба, калі гэта ўсё па выключным каханні. Калі перакананы, што правядзеш з чалавекам усё жыццё, а не некалькі гадоў, то я толькі “за””.

Побач Аня бачыць чалавека з добрым пачуццём гумару, з якім заўсёды будзе лёгка, і які ніколі не кіне сам на сам з праблемамі, а дапаможа іх вырашыць.

Барселона!

Мабільны тэлефон Патрык — вакалісткі Clover Club — увесь час недасяжны! Праз музыкаў гурта Еўрарадыё даведваецца, што Вольга Цяшкевіч (так напраўду завуць Патрык) цяпер у Барселоне. Што ж, гэты горад сонца, мора і Антоніа Гаўдзі — самае месца, каб уладкоўваць асабістае жыццё!

Фота Еўрарадыё і са старонак у сацыяльных сетках дзяўчат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі