100 балаў на тэставанні: як напісаць на выдатна
Парады выдатнікаў, псіхолагаў і рэпетытараў.
14 чэрвеня пройдзе першае цэнтралізаванае тэставанне — па беларускай мове. Здаваць яго будуць 24 тысячы абітурыентаў. Як не нервавацца і што рабіць напярэдадні, збіраем парады.
Перад экзаменам можна пакатацца на ровары ці пайсці ў кіно
Псіхолаг Кацярына Васілеўская: “Нельга грузіць галаву матэрыялам у апошні дзень — усё можа пераблытацца. Калі чалавек верыць у талісманы, то хай імі карыстаецца. Калі верыць, што экзамен можна здаць толькі у чырвоных майтках — хай надзявае. Калі ёсць нейкі канкрэтны талісман, які яму дапамагаў раней, хай бярэ. Але моцна заганяцца на гэты конт не варта. Трэба добра выспацца, бо ад гэтага структуруюцца веды. Адпачываць трэба так, як чалавек прызвычаіўся. Калі на ровары пакатацца — то на ровары. Камусьці і ў кіно пайсці можа дапамагчы. На самім экзамене можна канцэнтравацца на сваіх адчуваннях, дыханні ці частках цела. Не думаць, што ты хвалюешся, а думаць пра тое, ці зручна ты сядзіш, як ногі стаяць і інш”.
Віка Якімчык, здала беларускую мову на 100 балаў у 2012 годзе:
“За дзень да экзамену трэба добра адпачыць. І не варта паўтараць у дзень экзамену нешта, бо гэта не пойдзе на карысць. Трэба ўстаць, папіць кавы і пайсці ўсё здаць. Тут значную ролю грае падрыхтоўка, але і ўдача таксама”.
Не піць валяр'янку, паслухаць музыку
Карына Пачко, здала на 100 балаў хімію і біялогію ў 2012 годзе:
“Мне дапамагала музыка перад адказнымі падзеямі. Перад экзаменамі я звычайна слухала Pantera. Яна стымулюе, зараджае энергіяй. Падаецца, што ўсё па плячы і ты ўсё здасі. І не варта налягаць на валяр’янку, бо можна ператварыцца ў тормаза”.
Рэпетытар англійскай мовы Анастасія:
"Не варта паддавацца агульнаму адчуванню хвалявання на экзамене. Працуеш у спакойным тэмпе, бярэш заданні і робіш спакойна. Бо там бываюць тыя, хто ломіць асадкі ці нават страчвае прытомнасць”.
Сёлета на тэставанне запісалася 101 тысяча абітурыентаў. Самы папулярны прадмет у тых, хто паступае, — руская мова, яе будуць здаваць 77 тысяч чалавек.
Фота: lovesun.by