100 ірацкіх мігрантаў вылецелі з Вільні ў Эрбіль
З Вільні ў Эрбіль авіярэйсам адправіліся 100 ірацкіх мігрантаў, паведамляе DW. Яны пагадзіліся добраахвотна вярнуцца на радзіму.
Гэта першы вывазны рэйс з Вільні. Ва ўрадзе Літвы назвалі яго "гістарычным поспеху", дасягнутым дзякуючы перамовам з Іракам і Еўрасаюзам.
"Гэтыя людзі сталі ахвярамі падману недэмакратычнага ўраду Беларусі. Мы разумеем, што паток нелегальных мігрантаў у любы момант можа зноў вырасці, таму разам з партнёрамі ў ЕС прыкладаем максімум намаганняў для закрыцця патоку нелегальнай міграцыі ў Еўропу", — заявіў міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.
Мігрантам, якія пагадзіліся добраахвотна пакінуць краіну, Літва выплачвае да 1000 еўра. Цяпер у краіне афіцыйна знаходзяцца больш за 3 тысячы мігрантаў, больш за 500 ужо адпраўленыя на радзіму. Больш за 50 заяваў на прытулак былі задаволеныя.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся з вясны 2021-га. Спярша нелегальныя мігранты ішлі пераважна ў Літву, потым асноўная плынь пераключылася на Польшчу. Заходнія палітыкі вінавацяць афіцыйны Мінск у штучным стварэнні міграцыйнага крызісу і называюць яго формай гібрыднай вайны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.