12-гадовы школьнік угнаў аўтамабіль у Бабруйску (відэа)
Угоншчыку аўтамабіля ў Бабруйску не пагражае крымінальная справа, бо гэта — непаўналетні падлетак.
Здарэнне адбылося 21 студзеня каля сярэдняй школы №34. Як паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама, уладальнік "Пежо" забыўся ў машыне ключы, і невядомы ўгнаў яго аўто.
Аўтамабіліст звярнуўся ў міліцыю. На працягу гадзіны праваахоўнікі знайшлі ў горадзе зніклы аўтамабіль. Выявілася, што ўгоншчыкам быў 12-гадовы школьнік.
Крымінальная адказнасць за такое правапарушэнне наступае з 14 гадоў. Таму цяпер лёсам падлетка зоймецца камісія па справах непаўналетніх. А пакуль што мама будзе плаціць штраф за ўчынак сына.
Дарэчы, падлетак з 10 гадоў стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.