12 сутак — за тое, што ехала ў машыне з налепкай "Пагоні" на багажніку
26 сакавіка суд Першамайскага раёна Мінска арыштаваў на 12 сутак 54-гадовую Святлану Чарняўскую, пішуць праваабаронцы "Вясны".
У пратаколе гаворыцца, што яна "пікетавала шляхам размяшчэння налепкі з гербам "Пагоня" на багажніку аўтамабіля, на якім яе падвозілі". На судзе жанчына патлумачыла, што падвозіў яе знаёмы. Калі яна сядала ў машыну, то не бачыла ніякай налепкі. Акрамя яе ў машыне былі яшчэ чатыры чалавекі.
Міліцыянты спынілі аўтамабіль каля філармоніі ды адвезлі ўсіх у РУУС для высвятлення асобы. Там на Святлану скалі пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае мерапрыемства).
Суддзя Чараповіч прызнала Святлану Чарняўскую вінаватай у адміністрацыйным парушэнні.
Дарэчы, гэта ці не першы выпадак, калі за налепкі на машыне даюць "суткі" — раней ДАІ проста выпісвала штраф.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.