300 еўра за выхад на Алімпіяду і іншыя ўспаміны нашых зорных баскетбалістак

У другой палове 2000-х наша жаночая зборная па баскетболе стала звацца “камандай №1”. Калі нехта не ведае гэтых дат напамяць, нагадаем:

У 2007-м годзе дзяўчаты ўзялі трыумфальную бронзу на Чэмпіянаце Еўропы.

У 2008-м прабіліся на Алімпіяду, даціснуўшы зборную Бразіліі ў амаль безнадзейным матчы. А на пекінскіх Гульнях сталі шостымі, хоць маглі замахнуцца і на п’едэстал.

У 2009 і 2010 гадах дзяўчаты бралі чацвёртыя месцы на чэмпіянатах Еўропы і свету. Пры гэтым, каманда запомнілася яркай формай (выйшлі на паркет у спадніцах), эратычнымі фотасесіямі і іншымі інавацыйнымі прыкладамі сваёй раскруткі.

Днямі выйшаў у друк фотаальбом “Пяць вяршыняў. Моманты…”, дзе апавядаецца пра тыя трыумфальныя гады беларускага баскетбола.

“Гэта ўсё было не за грошы, — узгадвае перамогі канца 2000-х Вольга Падабед. — Мы ў цягніку, здаралася, самі прышывалі на форму нумары. І мы гулялі не за грошы, а таму што хацелі гуляць за Беларусь. Я спадзяюся, што і ў сённяшняй камандзе гэта засталося. Калі людзі прыходзяць гуляць за грошы, то лепш не ісці. Тым больш, якія там грошы!”

Баскетбалісткі ўзгадалі прызавыя за выхад на Алімпіяду — усяго 300 еўра на чалавека.

Сёння многія дзяўчаты з той каманды займаюцца больш зямнымі справамі, часам далёкімі ад баскетбола.

Наталля Марчанка кіруе дэпартаментам па развіцці футбольнага клуба БАТЭ. Вольга Падабед гадуе маленькую дачку. Святлана Вольная таксама нарадзіла дзіця і жыве ў Расіі.

Вольга Масілене працуе ў кампаніі, якая займаецца гандлем кармамі для катоў і сабак.

Узгадаўшы сваё яркае мінулае, удзельнікі той зорнай зборнай ацанілі боегатоўнасць сённяшняй жаночай баскетбольнай каманды.

“Новая зборная яна не іншая, нягледзячы на тое, што дзяўчаты ўзялі паўзу і вырашаюць дэмаграфічныя пытанні, — падзялілася развагамі Наталля Марчанка. — Вельмі шмат дэкрэтаў. Нехта ў адпачынку, нехта чакае папаўнення. Але ўсе ў страі. Напрыклад, Вольга Падабед лічыць, што яна ўжо не вернецца, — ці то сур’ёзна, ці то жартам звярнулася да калегі Наталля. — Але як яно складзецца,насамрэч, невядома”.

“Патэнцыял у каманды ёсць. На апошнім чэмпіянаце яны сталі пятымі. Такое месца дае магчымасць трапіць у алімпійскую кваліфікацыю, — аптымістычна заўважае Валерый Гарэлікаў, былы першы намеснік кіраўніка Федэрацыі баскетбола Беларусі. — І, як правіла, еўрапейскія каманды, якія туды траплялі, праходзілі на Алімпіяду. Чэмпіянат свету, па вялікім рахунку, нічога не дае. А ў 2015-м годзе можна будзе вырашаць задачы па траплянні ў пяцёрку на першынстве Еўропы. А далей, магчыма, будзе прабіцца на Алімпіяду”.

Еўрарадыё: “У 2000-х менавіта жаночая зборная па баскетболе стала “камандай №1”. На зімовай Алімпіядзе-2014 пяць з шасці медалёў заваявалі жанчыны. Чаму так здарылася, што ў нас менавіта жанчыны цягнуць за сабой беларускі спорт?”

Дзяўчаты дыпламатычна сышлі ад адказу на гэта пытанне. Таму сваё асаблівае меркаванне выказаў Валерый Гарэлікаў:

“Я лічу, што нашы жанчыны больш мэтанакіраваныя. Яны граматна сябе матывуюць, разумеюць магчымасці, якія дае спорт, і карыстаюцца імі”.

Калі бронзаваму медалю зборнай споўнілася пяць гадоў, ніхто пра гэта не згадаў. Калі беларускаму баскетболу споўнілася 90 гадоў, ніхто з чыноўнікаў не згадаў пра выбітныя дасягненні “каманды №1”.

Фотаальбом “Пяць вяршыняў. Моманты…” выйшаў накладам 1000 асобнікаў. Гэта адзіны напамін пра слаўныя перамогі нашых баскетбалістак. Яго стварэннем займаўся былы мэнэджмент каманды і спонсары, якія таксама спрычыніліся да тых перамог.

Сёння складаецца такое ўражанне, што чыноўнікі не сталі замацоўваць і належным чынам развіваць поспехі тых гадоў. Трэнер сышоў з пасады хоць і інтэлігентна, але са скандалам. Той колькасці спонсараў на форме ўжо няма.

“Калі пачынаеш узгадняць матчы з удзелам баскетбалістак той зборнай, паверце, рукі апускаюцца, — прызнаецца Валерый Гарэлікаў на развітанне. — Пачынаюцца пытанні: “А як тое, як гэта, хто вам даў дабро на гэта?” Прабачце, няўжо трэба атрымаць дабро на тое, каб зрабіць дабро? Буду ведаць. Але такога, каб самі паспрабавалі дапамагчы — такога не было”. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі