42 гады таму адбылося першае тэлефанаванне з мабільнага
Першы сотавы тэлефон важыў больш за 1 кілаграм і трымаў зарад толькі 20 хвілін. Сёння сотавай сувяззю карыстаецца палова насельніцтва зямлі.
З красавіка 1973 года адбылося першае тэлефанаванне з мабільнага. Яго здзейсніў амерыканец украінскага паходжання, канструктар кампаніі Motorola Марцін Купер. Ён патэлефанаваў з нью-ёркскай вуліцы свайму галоўнаму канкурэнту Джаэлю Энгелю з Bell Labs і спытаўся:
“Здагадайся, адкуль я тэлефаную? Я тэлефаную табе з сапраўднага сотавага тэлефона!”
Гэты званок стаў пачаткам новай эпохі ў галіне тэлекамунікацый. Ён быў зроблены з тэлефона мадэлі Motorola “DynaTAC”, які важыў 1,15 кг., меў даўжыню амаль 30 см і 10 см шырыні. Тэлефон складаўся з 2 тысяч дэталяў, зараджаць яго трэба было 10 гадзін, а трымаў зарад ён каля 20 хвілін. Каштавала такая мадэль 7 800 долараў (у сённяшнім эквіваленце).
У 1975 годзе на планеце было толькі 5 тысяч карыстальнікаў сотавай сувязі. Сёння ж мабільнымі тэлефонамі карыстаецца палова жыхароў планеты — 3,6 млрд. чалавек, а 2,6 млрд. маюць смартфоны. На планеце актывавана 7,3 млрд. сім-картак. А 39% карыстальнікаў маюць 3G-4G злучэнне. Прагназуецца, што ў 2020 годзе карыстацца мабільнай сувяззю будзе ўжо 4,6 млрд. чалавек.
Сёння мабільная сувязь з’яўляецца краевугольным каменем глабальнай эканомікі. У 2014 годзе мабільная індустрыя зарабляла 3,8% сусветнага ВУП. Паводле ацэнак GSMA, у 2020 годзе гэты паказчык павялічыцца да 4,2%. У мабільнай індустрыі непасрэдна занята 12,8 млн. чалавек па ўсім свеце і 11,8 на ўскосных працоўных месцах.
У Беларусі першым прадпрыемствам сотавай сувязі 7 жніўня 1991 года стаў “БелСел”. У ліпені 1998 г. з’явілася прадпрыемства “Velcom”, якое 16 красавіка 1999 года стала першым пастаўшчыком мабільных паслуг стандарту GSM. На канец 2014 года ў Беларусі налічвалася каля 11,7 млн. абанентаў мабільнай сувязі. Гэта значыць, што гіпатэтычна сім-картку мае кожны беларус, а 2,5 мільёна маюць па дзве.
Фота: Dusko Despotovic/Corbis, muycanal.com