5 сутак арышту за 1 хвіліну "публічнай дэманстрацыі бел-чырвона-белага сцяга"
Экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколу Статкевіча затрымалі 26 жніўня і адразу адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Як высвятляецца, на 5 сутак паводле рашэння суда Маскоўскага раёна Мінска. Але за што канкрэтна палітыку прысудзілі тыя 5 сутак, яго жонка Марына Адамовіч даведалася толькі 28 жніўня.
Марына Адамовіч: “Я атрымала копію пастановы суда ад 15 траўня — акцэнтую ўвагу на даце. Высвятляецца, што яго асудзілі на 5 сутак за сход, які быў праведзены на Акрэсціна 30 сакавіка. А сход той быў “у выглядзе публічнай дэманстрацыі цягам 1 хвіліны бел-чырвона-белага сцяга”.
Тое, што Статкевіча адправілі на суткі па рашэнні суда, які быў больш за 3 месяцы таму, абурае Марыну Адамовіч. Бо ў адпаведнасці з заканадаўствам, па яе словах, на выкананне судовых рашэнняў даецца тры месяцы. Цяпер жонка палітыка збіраецца пракансультавацца з юрыстамі і праваабаронцамі, каб абскардзіць дзеянні праваахоўнікаў.