50% мінскіх кіроўцаў не плацяць за паркоўкі, якія сталі платнымі
З 1 кастрычніка яшчэ на чатырох вуліцах Мінска кіроўцам прыйдзецца плаціць за паркоўку. Цяпер нельга бясплатна пастаяць на вуліцах Кірава, Свярдлова, Валадарскага і Багдана Хмяльніцкага. Усяго ў Мінску цяпер 45 зон платнай паркоўкі больш чым на 3,3 тысячы месцаў. За жнівень яны прынеслі ў бюджэт Мінска 270 тысяч рублёў. А да 2020 года колькасць платных месцаў для паркоўкі ў Мінску павялічыцца больш чым ў сем разоў.
Дырэктар ДУ “Паркоўкі сталіцы” Алег Ляшчынскі распавёў Еўрарадыё, што прадпрыемства вырашыла дзейнічаць комплексна, адразу рабіць платнымі суцэльныя кварталы, бо так больш дзейсна:
"Мы прыйшлі да таго, што па асобнай вуліцы няма сэнсу працаваць. Адну зачыніш, і ўсе аўтамабілісты пераязджаюць на суседнюю вуліцу. Таму мы прыйшлі да таго, што трэба дзейнічаць у межах кварталаў, як, напрыклад, мы зрабілі ў раёне вуліцы Карла Маркса. Такі план дзеянняў нашмат больш эфектыўны".
Што тычыцца дысцыплінаванасці беларусаў, то толькі палова кіроўцаў аплачваюць паркоўку:
"Крыху больш за 50% кіроўцаў плацяць. Але на розных паркоўках лічбы розныя. Дзесьці яна запатрабаваная амаль што на 100%, у іншых месцах можа быць наадварот. Але, калі кіроўца, які раней не аплачваў паркоўку, вырашыць трапіць у спісы доступу, то яму прыйдзецца перад гэтым аплаціць свае запазычанасці перад намі".
Да 2020 года плануецца абсталяваць каля 25 тысяч платных месцаў для паркоўкі ў межах другога транспартнага кальца. Дырэктар Алег Ляшчынскі лічыць, што цалкам магчыма за год і некалькі месяцаў павялічыць колькасць платных месцаў больш чым на 20 тысяч:
"Як і што рабіць, куды рухацца, мы ведаем. Пытанне толькі ў тэхнічных момантах. Дзесьці надвор'е не моцна дазваляе, або грошы не паспяваюць дайсці да выканаўцаў. У гэтым годзе мы плануем зрабіць платнымі для паркоўкі вуліцы Сурганава, Акадэмічная і, хутчэй за ўсё, Талстога. Магчыма, калі хопіць, як кажуць, сіл і здароўя, то пяройдзем на другі бок праспекта ў раёне Нямігі і арганізуем платную паркоўку на вуліцах Калектарная, Шорная, Шпалерная, Ракаўскае прадмесце".