7 беларускіх фэстаў, што чакаюць вас у жніўні

На гэтым тыдні стала вядома пра адмену двух вялікіх музычных фэстаў. Адзін з іх — Militar-2013” — быў запланаваны на 17 жніўня ў мінскім парку “Dreamland”. Другі — ROCKachev — мусіў адбыцца 24 жніўня ў Рагачове і стаць апошнім фэстам “без гастролек”. Арганізатары абедзвюх імпрэз наракаюць на непаразуменні з уладамі.

Але нават акрамя адмененых фэстаў у жніўні будзе дзе адарвацца. Еўрарадыё збірае звесткі пра самыя цікавыя беларускія фэсты апошняй траціны лета. Наша выснова: ёсць на што паглядзець і што паслухаць!

*****

3 жніўня на востраве ў Камсамольскім возеры (ля Парка Перамогі) пройдзе фестываль “Freaky Summer Party. Арганізатары пазіцыянуюць яго як арт-пікнік “у лепшых еўрапейскіх традыцыях” з лозунгам “Перамога над сабой і абставінамі”. Наведвальнікаў свята чакаюць скульптуры з пяску, карысныя майстар-класы, зоны забаваў, гандлю і харчавання і сэты актуальных электронных музыкаў. Дарэчы, хэдлайнерам фэсту стане сяброўка Ігі Попа — вярхоўная жрыца электраклэша Peaches.

“Мы ўзмацняем зону майстар-класаў, дзіцячую зону, зону арта, будзе ўзмоцнена зона экстрэмальных гульняў ад нашых сяброў-партнёраў. І таксама мы ўзмацняем і звяртаем больш увагі на тую музыку, якая падабаецца нам як арганізатарам, і якую, да шчасця, ведаюць і любяць у Беларусі, але, на жаль, яе ніхто сюды не возіць. Маю на ўвазе менавіта хэдлайнераў”, — каментуе для Еўрарадыё арганізатарка пікніка Марыя Васільева.

“Freaky Summer Party” працягнецца 3 жніўня з 12:00 па 22:00. Пасля пікнік пяройдзе ў фармат трох after party. Кошты квіткоў: 150-200 тысяч рублёў.

*****

10 жніўня ў сталічным Парку Горкага адбудзецца Relax Weekend. Энергетычнай зонай фэсту стане вялікая сцэна, на якой выступяць маладыя і актуальныя мінскія каманды: Clover Club, Tok Rukoo, The Blackmail а таксама госці з Расіі Pompeya.

Парк Горкага ў гэты дзень будзе падзелены на некалькі зонаў: ад “Sport & aqua zone” з басейнам, валейболам, фрысбі ды “кракадзілаў” да тэатраў, кіно, выставы арт-аб’ектаў, маркета ды дзіцячых забаваў. Уваход на “Relax Weekendвольны.

*****

10-11 жніўня на вёску Чычавічы (Магілёўская вобласць) абрынецца open-air “Седьмой приход”. На Магілёўшчыне высадзіцца магутны рок-дэсант на чале з “Дай Дарогу!” і TT-34. У межах фэсту выступяць таксама Nevma, “Блины”, “АвангардШкола”, Sex і адэсіты Epolets.

“Будуць розныя конкурсы, будзе працаваць харчовы аддзел з напоямі, ежай і півам, — распавядае пра інфраструктуру фэста адзін з арганізатараў Віталь Маісеенка. — Побач з месцам, дзе праводзіцца фэст, ёсць вадаём, дамкі, у якіх можна пасяліцца. Таксама можна будзе рабіць намёт. Хацелася б, канечне, каб не перашкодзіў фэсту дождж, як гэта было год таму. Я толькі што вярнуўся з “Соседнего мира: на другі дзень фэсту там была такая залева — проста жах!”

Квіток на фэст каштуе 110 тысяч рублёў. У дзень канцэрта кошт вырасце да 130 тысяч.

*****

Дарэчы, гурт Sex, праз які адмянілі “ROCKachev”, праз тыдзень пасля “Седьмого прихода” накіруецца на бераг Асіповіцкага вадасховішча, каб сыграць на “Роко-мото Пикник 2013”. Апроч гарачых рагачоўскіх хлопцаў, 17 жніўня на пікніку выступяць металічныя і альтэрнатыўныя каманды The Misteria, No Time To Die, Evil Fish, A'eteros, Nimata, "Неавстралия", Bedlam444, "Талісман", Endless Nameless, Steel RazoR, PunKrot, "Варона", Equilis.

Квіткі: 40 000 (папярэдне), 60 000 (у дзень мерапрыемства). Для дзяўчат і дзяцей да 10 гадоў уваход вольны.

*****

24 жніўня стане адрыўным для фэнаў фолка і метала. Аматараў новага этна чакаюць у Шаблях на фэсце “Вольнае паветра”. Сёлета на сцэнах культавага фестывалю пад адкрытым небам выступяць выканаўцы з Германіі, Расіі і Беларусі. Сярод выступоўцаў —бураты Namgar, курд Масуд Талібані і Awindar, беларусы Kriwi і Re1ikt. Хэдлайнеры “Паветра” — нямецкая каманда Feindrehstar і расіяне Theodor Bastard.

На тэрыторыі хутара Шаблі ў чарговы раз пройдзе нашумелы турнір па кіданні каровіных кізякоў, таксама госці фестывалю змогуць пракаціцца на 200-метровым тралеі, наведаць розныя забаўляльныя тэматычныя зоны і набыць сувеніры ручной працы. Кошт квітка – 160 тысяч. У дзень фэсту — 200.

*****

Metal Crowd Festival адбудзецца ў рэчыцкім СК “Надежда” 24-25 жніўня. На ім выступяць яскравыя прадстаўнікі экстрэмальнай музыкі з усяго свету. Сярод удзельнікаў — Gods Tower, Suidakra, Little Dead Bertha, Bill Skins Fifth.

Квіткі на фэст каштуюць ад 240 да 350 тысяч.

*****

Фэст эксперыментальнай музыкі I Came I Saw I Died пройдзе пад дахам клуба “Re:Public” 30 жніўня. Свае эксперыменты ў электронных і рокавых накірунках пакажуць каманды з Беларусі і Украіны:

blackpaperplanes, Аims, Calm Down, Detroit Hills і іншыя.

Квіткі: ад 70 да 120 тысяч.

*****

І яшчэ тры музычныя падзеі, якія крыху спазніліся на лета, але з усёй моцы чапляюцца за яго.

Завяршае летні фестывальны сезон (і адначасова адкрывае восеньскі) фестываль эксперыментальнай музыкі і этна-трансу Povidlo. Оpen-air пройдзе ў ноч на 1 верасня ў спорт-цэнтры ў Раўбічах. Шоў-праграма фэсту складацца з пластычных і эксперыментальных тэатраў, капаэйры, трайбла, фаер-шоў у спалучэнні з этна-трансам, чыл-аўтам і драм-н-бэйсам. Свае сэты рыхтуюць Port Mone, Shaman Jungle, Art-project “?!”, No Memory, “Первомир”, Dzivasil, Mad Therapist, зборная POVIDLO па fireshow, Eye, T(e)=Art і іншыя.

Квіткі на фэст можна набыць за 80 тысяч рублёў.

******

Фольк-фэст “Камяніца” і рок-фэст “Рок па вакацыях” традыцыйна ўспрымаюцца як імпрэзы, што падводзяць рысу пад беларускім фестывальным летам. Абодва пройдуць у верасні.

“Камяніца” сёлета мае адзначыць свой пяты дзень нараджэння, таму рыхтуе насычаную праграму і шмат цікавостак. Лайн-ап фэсту і падрабязнасці будуць абвешчаныя ў бліжэйшы час.

Рок па вакацыях” перабіраецца з адкрытай пляцоўкі парка Dreamland пад дах клуба “Цэнтр”. На яго сцэне збяруцца “генералы айчыннага року” і тыя, хто імкнецца імі стаць: "Крама", "Палац", Neuro Dubel, Naka і інш.

Сустрэнемся!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі