ААН пра клімат: "Свет павінны заплаціць. Інакш заплаціць чалавецтва"
Маршалавы астравы
Цэлая краіна можа знікнуць, калі не спыніць змяненняў клімату. Гаворка пра Маршалавы Астравы, прэзідэнт гэтай дзяржавы сёння выступае на кліматычнай канферэнцыі ААН, піша ВВС.
Гэта адна з некалькіх астраўных дзяржаў, найбольш уразлівых да працэсаў змянення клімату. Каралавыя атолы і астравы знаходзяцца на вышыні ўсяго 2 метраў над узроўнем мора. І калі глабальная тэмпература падымецца на 2°C, краіна літаральна спыніць сваё існаванне.
У дзяржавы ёсць план самаабароны ад наступстваў глабальнага пацяплення, кажа прэзідэнт краіны Хільда Хайн. Але на яго рэалізацыю патрэбныя грошы.
Кліматычная канферэнцыя ААН сёлета праходзіць у нафтаздабываючай краіне — Азербайджане. Яна збярэ сусветных лідараў з прыкладна 200 краін. У бліжэйшыя тыдні багатыя краіны павінны будуць абмеркаваць, якія фінансавыя абавязацельствы яны гатовыя ўзяць на сябе для барацьбы з крызісам.
Гэта не дабрачыннасць, а інвестыцыі
Кіраўнік ААН Антоніу Гутэрыш выступіў з жорсткай прамовай і заклікаў свет заплаціць — інакш "заплаціць чалавецтва". Зрэшты, мы ўжо зараз назіраем катастрофу.
"Сем'і шукаюць ратунку ва ўцёках, пакуль не наляцеў наступны ўраган. Біяразнастайнасць знішчаная. Рабочыя і пілігрымы падаюць ад невыноснай спёкі. Паводкі затапляюць цэлыя абшчыны і руйнуюць інфраструктуру. Дзеці кладуцца спаць галоднымі, а засухі знішчаюць ўраджай. Усе гэтыя і іншыя бедствы пагаршаюцца антрапагенным змяненнем клімату", — пералічвае складнікі катастрофы Гутэрыш.
Па словах Гутэрыша, адказам на гэтую праблему можа стаць выдзяленне багатымі краінамі вялікай колькасці сродкаў на барацьбу са змяненнем клімату. Ён заклікае пераасэнсаваць гэтае пытанне. ЕС і ЗША павінны разглядаць гэта не як дабрачыннасць, а як інвестыцыі, лічаць у ААН.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.