Абаронцы Марыупаля заявілі пра паспяховую аперацыю і перагрупаванне
Абаронцы Марыупаля заявілі пра паспяховую аперацыю і перагрупаванне. 12 красавіка да байцоў палка "Азоў" прарваліся сотні марскіх пехацінцаў з 36-й асобнай брыгады, якія таксама знаходзіліся ў акружэнні ў горадзе. Пра гэта ў сераду ў відэазвароце заявілі камандзір палка "Азоў", Герой Украіны, падпалкоўнік Дзяніс Пракапенка і камандзір брыгады марской пяхоты, маёр Сяргей Валына. Яны прызнаюць, што частка марскіх пехацінцаў здалася ў палон. Пра гэта раней паведамляла Мінабароны РФ. Ваеннапалонныя ў відэароліках расійскіх прапагандыстаў кажуць, што ў іх скончыліся боепрыпасы і харчаванне, і яны спрабавалі вырвацца з горада, але калона бронетэхнікі трапіла пад артылерыйскі абстрэл.
Пракапенка заклікае "не рабіць герояў з дэзерціраў, якія добраахвотна здаліся ў палон". "Наш маральны дух моцны, мы ведаем, што мы робім, навошта мы тут, — кажа Валына. — Мы будзем рабіць усё, што ад нас неабходна, для паспяховага завяршэння нашай баявой задачы".
Украінскія падраздзяленні абараняюць Марыупаль у акружэнні расійскіх войск з пачатку сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.