Ад сметніцы да... сметніцы: як змяняецца стаўленне Лукашэнкі да інтэрнэту
Аляксандр Лукашэнка / sb.by
Днямі Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што чытае агляды з інтэрнэту, дзе "разумныя" сумняваюцца ў рэальнасці яго прагнозаў. Адносіны кіраўніка Беларусі і сусветнага сеціва былі і застаюцца спецыфічнымі. У 2005 годзе ён упершыню параўнаў інтэрнэт са смеццевай скрыняй, маўляў, "не ўкідвайце ў "смеццевыя скрыні", у гэты інтэрнэт, што Лукашэнка нешта там скраў". У 2019-м параўнанне застаецца для яго актуальным, праўда інтэрнэт стаў не простай, а "вялікай сметніцай".
Як мяняўся погляд Лукашэнкі на інтэрнэт за гэтыя 14 гадоў? Мы сабралі самыя яркія цытаты.
2005: смеццевыя скрыні
23 верасня, звяртаючыся з пасланнем да народа, Лукашэнка папрасіў: “Не ўкідвайце ў "смеццевыя скрыні", у гэты інтэрнэт, што Лукашэнка нешта там скраў". У той жа дзень ён адзначыў, што члены БРСМ павінны выкарыстоўваць інтэрнэт больш актыўна. "Неабходна, каб побач з хлуснёй у глабальным сеціве была праўда пра нашу дзяржаву", — дадаў ён.
2007: сметніца
У кастрычніку 2007 года, маючы зносіны з расійскімі журналістамі, Лукашэнка спрабаваў здавацца адважным: "Сёння ў інтэрнэт, гэтую сметніцу, што заўгодна скінуць, і ваяваць супраць гэтага — лішнія грошы траціць. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся, не звяртаю на гэта ўвагі".
2009: "Туды наогул небяспечна дзяцей пускаць"
У снежні 2009 года на прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў Лукашэнка зноў назваў інтэрнэт сметніцай. "Туды наогул небяспечна дзяцей пускаць, — сказаў Лукашэнка. — Нават нам, дарослым людзям, небяспечна туды заходзіць. Гэта жудасныя рэчы. І кажуць: "Ды нічога, разбяруцца". Ды не разбяруцца! І я памятаю, як тонка папракнуў дзяржаву і мяне ў тым ліку патрыярх, а потым і наш Уладыка Філарэт з нагоды таго, што творыцца ў інтэрнэце".
2010: бізнес на сотні мільёнаў
27 мая 2010 года, выступаючы перад студэнтамі ВНУ Магілёўскай вобласці, Лукашэнка заявіў, што інтэрнэт неабходна паставіць на службу дзяржаве. "Пакуль наш інтэрнэт працуе праз Маскву і іншыя дзяржавы. Я хачу, каб гэта было тут, у Беларусі. Асноўны мозг сегмента інтэрнэту можа быць тут. Мы транзітная краіна, мы можам аказваць паслугі на сотні мільёнаў долараў, у тым ліку і ў інтэрнэце"."І крык узняўся, таму што мы зноў у кагосьці кавалак забяром. Але гэта наш кавалак, гэта нашы грошы", — дадаў ён.
2010: па інтэрнэце ў кожную вёску!
22 кастрычніка 2010 года, сустракаючыся з удзельнікамі ўсебеларускай акцыі "Пытанне прэзідэнту", Лукашэнка паабяцаў, што "недалёка той дзень, калі высакаскорасны інтэрнэт прыйдзе і ў вёску". Ён падкрэсліў, што ў гэтым плане Беларусь не адстае ад іншых дзяржаў.
2011: рассаднік тэрарыстаў
У 2011 годзе, праз 10 дзён пасля выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску, Лукашэнка заўважыў: "Няпраўда, што яны [віноўнікі выбуху. — Еўрарадыё] навучыліся чамусьці ў войску. Яны не служылі там, дзе ўзрываюць і вучаць. Гэта поўная бязглуздзіца, пра што сёння пачынаюць пісаць... Дзе навучыліся? Галоўны падручнік — інтэрнэт".
2011: маніпуляцыі і небяспечная зброя
"Нават такая выгода цывілізацыі, як інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, ператвараецца ў сродкі маніпуляцыі грамадскай думкай, — палохаў настаўнікаў кіраўнік дзяржавы на нарадзе педагагічнага актыву Беларусі 29 жніўня 2011 года. — У руках злачынцаў яны [сацыяльныя сеткі. — Еўрарадыё] здольныя стаць небяспечнай зброяй, у чым на ўласным сумным вопыце пераканалася не адна еўрапейская краіна".
2012: за мірны інтэрнэт!
"Інтэрнэт трэба выкарыстоўваць у мірных мэтах! — раптам заявіў Лукашэнка, звяртаючыся з пасланнем да беларусаў у маі 2012 года. — У інтэрнэце мы заклапочаныя тым жа, чым і Захад, — хакерскімі атакамі, электронным махлярствам, парушэннем аўтарскіх правоў. Так, мы выдатна бачылі, як праз інтэрнэт спрабавалі падарваць нашу краіну. У арабскіх краінах гэта атрымалася, часткова ўдалося ў Расіі і Казахстане. А ў Беларусі ўсе гэтыя "рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі" чакаў поўны правал".
2014: нас не ўзарваць
Навязлівая ідэя аб тым, што нас хтосьці хоча "узарваць", не пакідала Лукашэнку і ў 2014 годзе. "Не трэба супраць нас весці наступальныя дзеянні і на нас абрушваць сёння інфармацыйную вайну, праз інтэрнэт спрабаваць нас падарваць, — заявіў ён на сустрэчы з прадстаўнікамі рэгіянальных СМІ. — Нам тройчы ў апошні час спрабавалі арганізаваць вось гэтую рэвалюцыю, што на Майдане, і як у вас былі калісьці гэтыя сутыкненні. Мы вельмі прыгожа з гэтага выйшлі..."
2014: інфармацыйная лавіна
У тым жа годзе кіраўнік дзяржавы задумаўся пра шкоду інтэрнэту для моладзі: "Дзеці часта ўмеюць карыстацца сучаснымі тэхнічнымі навінкамі лепш за ўласных настаўнікаў і бацькоў, але ці гатовы яны маральна і інтэлектуальна да таго, каб выбіраць з інфармацыйнай лавіны сапраўды каштоўнае і патрэбнае для свайго развіцця?" — разважаў ён на лістападаўскай сустрэчы з навучэнцамі БДПУ імя Максіма Танка.
2014: інтэрнэт не заменіць сяброў
Месяцам пазней падчас дабрачыннага дзіцячага свята пад Раство Лукашэнка сказаў, што электронныя прылады і інтэрнэт ніколі не заменяць сапраўдных сяброў, іх падтрымкі і спагады.
2017: інфармацыйныя войскі
У сакавіку 2017 года кіраўнік дзяржавы адправіўся ў працоўную паездку ў Гродзенскую вобласць. Падчас адной з сустрэч ён сказаў, што інтэрнэт — вялікае дасягненне, аднак часам выкарыстоўваецца для ажыццяўлення ўкідаў і штучнага раскручвання розных тэм. "Мы ўжо сёння гаворым аб інфармацыйных войнах як адным са складнікаў гібрыдных войнаў, — растлумачыў Лукашэнка. — Інфармацыйныя войны праз інтэрнэт — гэта асноўнае поле бою. Хто ўмее супрацьстаяць у гэтай вайне, той і выжывае".
2017: суіцыды і іншае
У жніўні 2017-га напярэдадні 13-годдзя сына Мікалая кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у педагагічным савеце. Ён заўважыў, што для маладых людзей, "пакалення сеціва", інтэрнэт — гэта "асяроддзе пражывання". Лукашэнка заявіў, што выступае за жорсткае абмежаванне дэструктыўнай інфармацыі.
"Вось гэты дэструктыў — суіцыды і іншае, — растлумачыў ён. — Расіяне ўжо прынялі шэраг рашэнняў. Спахапіліся, але вельмі позна. Вось нам бы гэты момант не ўпусціць. Трэба вельмі жорстка ў гэтым плане паступіць... Раней амерыканцы наперадзе планеты ўсёй беглі, папракалі ўсіх і ўся ў тым, што кантралюем інтэрнэт. А сёння Дональд Трамп сам прыйшоў да гэтага і разумее, што нельга далей гэтую вольніцу распускаць".
2018: нервовая сістэма
У красавіку 2018 года кіраўнік дзяржавы звярнуўся з пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу. Падобна на тое, што ў Лукашэнкі змяніўся спічрайтар.
"Татальная ўзаемазалежнасць сучаснага свету — гэта ўжо не проста прыгожая фраза, — заявіў ён. — Свет складаецца ў адзіны глабальны арганізм. Інтэрнэт стаў яго нервовай сістэмай, міжнародныя фінансы, банкі — крывяноснай".
2018: каму гэта выгадна?
У снежні 2018-га, размаўляючы з расійскімі журналістамі, Лукашэнка прызнаўся, што карыстаецца інтэрнэтам рэдка, але звяртае ўвагу на фэйкі: важна, "каму гэта выгадна і хто гэта распаўсюджвае". Далей — настальгічнае адступленне:
"Я ўспамінаю сустрэчу з Фідэлем Кастра, інтэрнэт з'явіўся тады. Ён мне вялікую фразу сказаў, калі я кажу: ну сметніца гэта. Гэты інтэрнэт, ўсялякія брыдоты. Ён кажа: "Ты маеш рацыю". Але, кажа, гэта для нас магчымасць. Для Кубы, для Беларусі данесці інфармацыю, трэба форму яшчэ такую надаць, каб гэта выклікала цікавасць. Каб нас пачулі недзе, і таму трэба пераступіць цераз гэтую сметніцу".
2019: прыватнае жыццё пад пагрозай
14 чэрвеня 2019 года Лукашэнка выступіў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку.
"У палітыцы размова вядзецца толькі на мове канфрантацыі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Эканоміка і гандаль выкарыстоўваюцца як інструмент варожага ўздзеяння. На змену зразумелым для ўсіх правілам гульні прыходзіць анархія. З развіццём інтэрнэту пад пагрозай аказалася нават недатыкальнасць прыватнага жыцця чалавека".
2019: вялікая сметніца
2 ліпеня 2019-га, выступаючы на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасці, Лукашэнка сказаў: "З мяне ніхто не здымаў абавязак сачыць за тым, што адбываецца ў краіне. У тым ліку і ў нашай вялікай "сметніцы" — і добрай, і дрэннай — у інтэрнэце".
2019: разумнікі супраць урада
А ў канцы ліпеня Лукашэнка прызнаўся, што дайджэст артыкулаў, апублікаваных у інтэрнэт-СМІ, трапляе да яго на стол. "Я чытаю агляды з інтэрнэту: як заўсёды, у нас ёсць "разумныя". Яны нават раскрытыкавалі маю заяву аб тым, што мы павінны імкнуцца да 9,5 млн тон збожжа, ніжэй за 9 нельга", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў, што за названую лічбу адказвае ўрад, які будуць "жорстка кантраляваць" з Адміністрацыі прэзідэнта.