Адкуль чыноўнікі бяруць грошы на дабрачыннасць?

Дэпутат Наталля Клімовіч пад Новы год падарыла асабісты камп'ютар інвалідам, а дэпутат Вячаслаў Цыдзік ветэранам —  валёнкі.

“10 пар валёнак я купляў за свой кошт, адна пара каштуе 280 тысяч рублёў, астатнія — 20 пар — спонсарская дапамога. Я раней і ровар дарыў, за свой кошт купляў, і могілкі рамантавалі, і курэй сартавых на падвор’і дарыў. Спачатку жонка не ведала пра гэта, а потым неяк пагадзілася, каб я рабіў дабро”, — пералічвае дэпутат. Кажа, што падарункі купляе ці на асабістыя грошы, ці просіць у арганізацый.

Мінадукацыі пад Новы год з падарункамі наведвае адразу тры дзіцячыя ўстановы, перадае свае прэзенты і Мінжылкамгас, а Мінэканомікі робіць падарункі карысныя. Падшэфнаму дому-інтэрнату — прынтар і мандарыны.

“Мы даведаліся пра тое, што ў нашых падапечных літаральна няма на чым меню друкаваць, таму і набылі прынтар”, — кажуць у ведамстве.

Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч пад Новы год наведвае з дабрачыннай акцыяй  3-ю дзіцячую бальніцу, а Андрэй Кабякоў — Дзіцячы дом № 6 Мінска. Чыноўнікі дораць выхаванцам і хворым салодкія падарункі ды тэлевізары.

“Добра было, дзецям спадабалася, а нам — напружана было. Бо адказнасць: тэлебачанне было, хваляваліся”, — кажуць  ва ўстанове, дзе быў Андрэй Кабякоў.

Але што цікава, напярэдадні такіх дабрачынных паездак Саўмін узгадняе перадачу спонсарскай дапамогі праз адпаведныя пастановы. Навошта за асабістыя падарункі так усё афармляць афіцыйна? 

Пытаюся ў саміх народных абраннікаў. Ніводнае ведамства канкрэтнага адказу не мае. Ад чыноўнікаў чую то “мы не ведаем, спытайце ў бухгалтэрыі”, то “нам ўсё роўна, адкуль грошы”, то “грошы збірае прафсаюз цягам года”, то “грошы з эканоміі заробкаў — кожная капейка, што недаплацілі міністэрскім чыноўнікам, ідзе на дабрачыннасць”.

Найбольш ясны адказ атрымліваю ў Мінаблвыканкаме. На дабрачынных святах ў дамах-інтэрнатах Мінскай вобласці пабывала палова міністраў на чале з губернатарам вобласці Сямёнам Шапірам. Усе дзеткі атрымалі салодкае ды  і больш каштоўныя падарункі.

"Салодкія баулы купляюцца на грошы мясцовых бюджэтаў, а таксама падарункі прывозяць з сабой госці".

Еўрарадыё: Дык а госці вашыя за свой кошт падарункі куплялі?

Мінаблвыканкам: Гэтага я не ведаю, магчыма, з нейкіх "сваіх рэсурсаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі