Адвакат Сяргей Зікрацкі будзе пазбаўлены ліцэнзіі
Адвакат Сяргей Зікрацкі не прайшоў пазачарговую пераатэстацыю Мінюста і будзе пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі, піша mediazona.by.
Раней адвакат паведамляў, што на пераатэстацыю яго выклікалі за каментары ў СМІ: "Думаеце, падставай для выкліку на пазачарговую атэстацыю сталі скаргі маіх кліентаў? Не. Мінюст палічыў, што мае каментары ў СМІ недастаткова кваліфікаваныя, а значыць, трэба праверыць, ці магу я далей працаваць адвакатам".
Сяргей Зікрацкі быў абаронцам журналістак "Белсата" Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, асуджаных за рэпартаж з "Плошчы Перамен". Таксама ён прадстаўляе інтарэсы фігурантаў "справы прэс-клуба".
На пазачарговую пераатэстацыю, па яго словах, выклікалі дзевяць ці дзесяць адвакатаў. Яе не прайшлі таксама Вольга Баранчык і Барыс Ляскоўскі. Першая была раней старшынёй дысцыплінарнай камісіі Мінскай абласной калегіі адвакатаў, а другі — сябрам гэтай камісіі.
Зачысткай адвакацкіх шэрагаў улады займаюцца са жніўня 2020 года. Адвакатаў, якія абараняюць палітвязняў і пратэстоўцаў, нярэдка пазбаўляюць ліцэнзіяў. Самыя вядомыя выпадкі — пазбаўленне ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі (адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай) і Людмілы Казак (адвакатка Калеснікавай).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.