Адвакатку Насту Лазарэнка будуць судзіць за кансультацыі пад ІЧУ на Акрэсціна

Анастасія Лазарэнка / prisoners.spring96.org
Анастасія Лазарэнка / prisoners.spring96.org

Праваабаронцам стала вядома пра яшчэ адно абвінавачванне, якое выставіла следства супраць адвакаткі Анастасіі Лазарэнка. Яе затрымалі ў пачатку чэрвеня 2022 года — праз два дні пасля яе 40-годдзя. Першапачаткова супраць яе завялі справу за "распальванне сацыяльнай варожасці" (арт.130 КК РБ) і "перадачу дадзеных сілавікоў і суддзяў у тэлеграм-каналы" (арт. 203-1 КК РБ). Але цяпер высветлілася, што ў справе — тры артыкулы. Лазарэнка абвінавачваюць таксама ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч.1 арт. 342 КК). Следства палічыла, што адвакатка зладзіла "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства", калі кансультавала людзей каля ІЧУ на Акрэсціна ў жніўні 2020 года.

Суд можа адбыцца ўжо найбліжэйшым часам. На волі ў Лазарэнка засталіся пажылы бацька і 19-гадовы сын. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Нагадаем, што надоечы стала вядома пра чарговае затрыманне адвакатаў. Рэпрэсіі супраць адвакатаў у Беларусі пачаліся пасля выбараў 2020-га. Некалькі дзясяткаў юрыстаў страцілі ліцэнзіі, некаторыя аказаліся пад следствам. Асаблівы ціск зазналі адвакаты вядомых палітвязняў. У Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Марыі Калеснікавай, Алеся Бяляцкага абаронцы мяняліся па некалькі разоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі