Акцыя супраць расійскай ваеннай базы ў Мінску ― фотарэпартаж
У Мінску прайшла акцыя апазіцыі супраць расійскай ваеннай базы ў Беларусі. Гэтым разам сабралося каля 400 чалавек. На плошчы Свабоды з прамовамі выступілі Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Аляксей Янукевіч, Алесь Марачкін, Вячаслаў Сіўчык, Юрась Губарэвіч і некаторыя іншыя палітыкі і грамадскія актывісты. На ўсіх выступоўцаў міліцыя склала адміністратыўныя пратаколы за парушэнне правіл правядзення мітынгаў, за што ім пагражае штраф.
Нечакана для некаторых Уладзімір Някляеў пераўтварыў мітынг у сход па стварэнні "Руху за дзяржаўнасць і незалежнасць". Усім прысутным прапанавалі прагаласаваць і адзінагалосна лідарам руху абралі Някляева. Статкевіч сказаў, што падтрымлівае рух і ўступае туды ў якасці шараговага сябра.
Таксама прадстаўнікі апазіцыі прапанавалі скласці рэзалюцыю супраць расійскай ваеннай базы і накіраваць яе ўраду.
"Размяшчэнне расійскай ваеннай базы супярэчыць нашай канстытуцыі і робіць Беларусь мішэнню, а таксама ставіць пад пагрозу жыццё беларусаў", ― зачытвае Някляеў рашэнне сходу і прапануе прагаласаваць за рэзалюцыю. ― Патрабуем ад ураду не падпісваць дамову аб размяшчэнні расійскай ваеннай базы на тэрыторыі нашай краіны".
Мікалай Статкевіч заклікаў людзей прыходзіць на наступную акцыю 10 кастрычніка. Ён кажа, што агітацыйная кампанія ў рамках выбараў абараняе людзей ад арыштаў і 10 кастрычніка ― апошні дзень агітацыі. "Я думаю пра людзей, каб яны спакойна дабраліся да хаты. Таму заклікаю на 10, а не на 11 кастрычніка", ― сказаў Статкевіч.
Акцыя працягнулася каля 1 гадзіны і скончылася малітвай за Беларусь. Інфармацыі пра затрыманні не было.
У Мінску прайшла акцыя супраць расійскай ваеннай базы (онлайн, фота, відэа)