Актывіст: Мяне адлічылі з БДУ за палітыку. БДУ: Ён парушаў унутраныя правілы

Актывіст: Мяне адлічылі з БДУ за палітыку. БДУ: Ён парушаў унутраныя правілы

Прычына адлічэння Юрася Лукашэвіча з БДУ ― дзве вымовы, адна з іх за прагулы, іншая ― за “дзеянне, якое падпадае пад адміністрацыйную адказнасць”. Чаму былы актывіст БРСМ памянаў свае погляды і за што яго адлічылі з БДУ, размаўляем у студыі Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што вас адлічылі?

Юрась Лукашэвіч: З пачатку лютага на мяне пачалася моцная ўвага з боку дэканата. Расказвалі розныя гісторыі, як я атрымоўваю гранты, пыталі, хто я такі, каб раздаваць інтэрв’ю. Мяне паспрабавалі выключыць за пераздачу экзамену, але экзамен мне паставілі. Пасля пачаліcя вымовы. Далі дзве: за дзеянні, якія парушаюць адміністрацыйны кодэкс і за прагулы. Дзве вымовы ― гэта выключэнне.

Еўрарадыё: Што за адміністрацыйнае парушэнне?

Юрась Лукашэвіч: Пратакол быў складзены 23 лютага, калі ўначы напалі на Курапаты. Мы паехалі пісаць заявы па факце нападу, але на нас там жа склалі пратаколы. Гэтыя паперы накіравалі на мой факультэт.

Еўрарадыё: Вы былі членам БРСМ…

Юрась Лукашэвіч: Пакуль ты дапамагаеш ветэранам, гэта цалкам нармальна. Але арганізацыя заяўляе, што яна не палітычная. А пасля пачынае рабіць палітычныя мітынгі, масоўку на хакейных матчах, дзе гуляе кіраўнік краіны. І я вырашыў што трэба спыніцца, выйшаў.

Еўрарадыё: Адтуль складана выйсці?

Юрась Лукашэвіч: Я проста прыйшоў і папрасіў напісаць заяву аб выхадзе. Мяне папрасілі здаць членскі білет, але яго ўжо не было. Магчыма, я яшчэ недзе застаўся ў спісах.

Еўрарадыё: Што з вучобай будзеце рабіць?

Юрась Лукашэвіч: Я накіраваў скаргу ў рэктарат БДУ. Магчыма, яны задаволяць маю просьбу пра акадэмічны адпачынак. З'язджаць я не планую, планую аднавіцца ў сваім каледжы, дзе я вучыўся на эканаміста, і скончыць яго.

У БДУ Еўрарадыё называюць іншыя прычыны адлічэння: парушэнне ўнутранага распарадку ВНУ.

“Прычынай адлічэння з’яўляецца сістэматычнае невыкананне абавязкаў, што праяўляецца ў парушэнні правілаў распарадку абавязковых для навучэнцаў БДУ. Напрыклад, правіла не здзяйсняць дзеянняў, за якія ёсць адміністрацыйная ці крымінальная адказнасць, наведваць заняткі і выконваць фінансавыя абавязкі, якія прадугледжаныя дамовай. Ён не ўнёс своечасовую аплату за навучанне”, ― паведамляюць у БДУ.

Актывіст: Мяне адлічылі з БДУ за палітыку. БДУ: Ён парушаў унутраныя правілы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі