Актывіста АГП запісалі ў фанаты і запрасілі ў РУУС на размову пра тэрарызм
Тэма складаных “ўзаемаадносінаў” міліцыі і футбольных фанатаў нечакана атрымлівае “палітычны” працяг. Гэтым разам героем яе становіцца актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзмітрый Кавалгін, які апошні раз на футболе быў… некалькі гадоў таму. Прычым, ніколі ні да якай “фанацкай тусоўкі” не меў дачынення.
“Дзесьці а 17-й гадзіне (у нядзелю, 13 снежня ― Еўрарадыё) мне патэлефанаваў бацька і кажа, што праз яго на мяне спрабуюць выйсці міліцыянеры. Маўляў, шукаюць таму, што я з’яўляюся фанатам “Дынама-Мінск”. І толькі я пагаварыў з бацькам, як мне перазвоньвае міліцыянер, кажа, што ён з крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС Мінска і што ён хацеў бы са мной сустрэцца, запрасіць мяне на размову. Кажа, можаце хоць сёння прыйсці ― яны і ў нядзелю працуюць. На мой адказ, што без адпаведнай позвы я нікуды не хаджу, мне намякнулі, што “тады за вамі давядзецца прыехаць”, ― распавядае Кавалгін.
Па словах Дзмітрыя, ён не толькі ніколі не быў футбольным фанатам і не ўваходзіў у некія фанацкія суполкі, але нават вялікім заўзятарам футбола сябе не лічыць. Апошні раз быў на стадыёне падчас матча беларускай зборнай два гады таму.
Самае цікавае — гэта тэма, на якую хацеў бы пагаварыць з “футбольным фанатам” супрацоўнік крымінальнага вышуку, — пра… тэрарызм.
Дзмітрый Кавалгін: “Пра тэму размовы я пацікавіўся, а ён кажа: “Вы ж чулі, напэўна, што ў Еўропе тэракты былі?”. “Натуральна, чуў”, ― кажу. “То, можа, вы ведаеце, што ў нас тут”… Кажу, не, я нічога не ведаю, а калі б даведаўся, то абавязкова паведаміў бы ў міліцыю. Так што вось: тэма ― тэрарызм”.
Дзмітрый Кавалгін
Дзмітрый упэўнены, нават у міліцыі ніхто на самой справе не лічыць яго футбольным фанатам. І запрашалі яго на размову не з гэтай нагоды.
“Не думаю, што яны мяне лічаць футбольным фанатам ― яны мусяць ведаць, дзе я актыўны, за што мяне затрымлівалі. Там выключна артыкулы за ўдзел у масавых несанкцыянаваных мерапрыемствах, мяне неаднаразова затрымлівалі на розных мітынгах. Яны павінны гэта ведаць – фанатам лічыць мяне нельга”.
Сапраўды, Кавалгіна, як сябру АГП, неаднаразова давалі і штрафы, і “суткі”. Але чаму яго запрашалі ў РУУС, як “футбольнага фаната” і прычым тут тэрарызм, цікавімся ў следчага Маскоўскага РУУС сталіцы.
“На самой справе, гэта размова павінна была адбыцца менавіта з Дзмітрыем і больш ні з кім”, ― адказваюць мне і перанакіроўваюць па ўдакладненне ў прэс-службу МУС. Звяртаемся да кіраўніка прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў Канстанціна Шалькевіча. Цікавімся, гэта разавы выпадак ці “прафілактычныя размовы” на тэму тэрарызму будуць праводзіцца шырока сярод пэўных груп людзей.
“Супрацоўнікі аператыўных падраздзяленняў працуюць самастойна і мне складана абагульняць іх накірункі дзейнасці. У тым ліку, і гэта. Каго канкрэтна яны выклікаюць… Я так разумею, што вы наўмысна пачынаеце прывязваць, што ён у АГП ці нейкай іншай партыі… Шчыра кажучы, я не бачу сэнсу ў гэтай гісторыі разбірацца, бо гісторыі ў ёй не бачу ― вы хочаце гісторыю стварыць на пустым месцы. Думаю так: няхай альбо сходзіць на размову і потым раскажа, як яна прайшла, альбо, у яго ёсць на гэта права, бо гэта было тэлефонным званком, не хоча ― хай не ідзе. Я нават не ведаю, што параіць”.
Сітуацыя з Дзмітрыем Кавалгіным вяртае нас да тэмы няпростых адносінаў міліцыі і футбольных фанатаў. Апошнім часам, праваахоўнікі нярэдка згадваюць заўзятараў у сваіх зводках: калі нейкае злачынства здзяйсняе аматар футбола, міліцыянеры не забываюцца дадаць, што парушальнік ― “футбольны фанат”. Нават Федэрацыя футбола папрасіла праваахоўнікаў так не рабіць. Сустрэча кіраўніцтва БФФ і МУС прайшла дзясятага лістапада. Па словах намесніка старшыні Федэрацыі Сяргея Сафар’яна, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч “даў даручэнне сваім падначаленым. Калі нейкія правапарушэнні не звязаныя з футбольнымі матчамі, то фанат гэта зрабіў, альбо не — не мае ніякага значэння”.
І нібыта дамовіліся. Але Еўрарадыё прагледзела афіцыйныя зводкі з сайта МУС пасля сустрэчы Шуневіча з футбольнымі чыноўнікамі і заўважыла, што яны мала змяніліся.
Ці, да прыкладу, такая сітуацыя: падчас прамой лініі ў “Лідскай газеце” жыхарка гэтага горада задае пытанне начальніку Лідскага раённага аддзела ўнутраных спраў Ігару Генцу: “Не так даўно я атрымала ліст з РАУС. Там пісалі, што мае дзеці з’яўляюцца заўзятарамі футбольнай каманды “Ліда” і былі заўважаныя на стадыёне “Алімпія” падчас адной гульні. Пытанне: а што, у нас у горадзе ўжо забаронена хадзіць на стадыёны і балець за любімую каманду, падтрымліваць, сачыць за жывой гульнёй?” Адказ лідскага міліцэйскага начальніка: “Вас праінфармавалі з мэтай недапушчэння правапарушэнняў з боку вашага сына”.
Прафілактычная праца па прадухіленні правапарушэнняў, безумоўна, патрэбная. Толькі ці да ўсіх без разбору яе трэба прымяняць? Бо звычайны чалавек пасля такіх гісторый добра падумае перш, чым ісці на гульню. Нехта не захоча, каб яго выклікалі на “прафілактычную размову”, некага бацькі не пусцяць на стадыён.
І што ўвогуле думаюць у Федэрацыі футбола, ці выконваецца загад міністра Шуневіча па падачы інфармацыі, цікавімся ў намесніка старшыні Федэрацыі Сяргея Сафар’яна.
“У нас гэта не самае важнае пытанне, якое нам трэба вырашыць перад сезонам. Дагляд заўзятараў пры ўваходзе на стадыён, знаходжанне міліцыі, пропуск банераў ― гэта больш значныя пытанні, чым тыя. Будзе ў нас чарговая сустрэча з прадстаўнікамі МУС, тады будзем агулам разглядаць усё, што было, а цяпер займаемся больш значнымі пытаннямі”, ― адказвае Сафар’ян.
Сяргей Сафар’ян
Пачакаем і мы той сустрэчы. Што ж да Дзмітрыя Кавалгіна, то актывіст АГП без афіцыйнай паперы ні на якую размову ў РУУС ісці не плануе.
Фота: http://by.tribuna.com/, http://belultras.by/, з архіва Дзмітрыя Кавалгіна